Асаблівае
месца ў святкаванні каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам.
Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і
здароўе дзеля людзей і жывёл.
Пад абрус на стол клалі сена, каторае пасля
вячэры скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць
павелічэнню надоеў малака. У кожнай, нават самай беднай, хаце на каляды
даставалі з схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай
стравы калядаў – куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) –
узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. У першы дзень ладзілася
"посная куцця" - на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў,
сушанай садавіны, мёду, і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам.
Варылі яе таксама незвычайна, а другой гадзіне ночы старэйшая жанчына ў сям’і
ішла ў свіран за зернем, а старэйшы мужчына – па ваду. Ваду і зерне нельга было
чапаць да таго моманту, як будзе гатова печка. Нарыхтаванай такім чынам куцці
надавалася асаблівае магічнае значэнне, яна павінна была надаваць усім здароўя,
моцы, удачы. Пачынаў вячэру, як звычайна, гаспадар, акрамя таго за стол так ці
інакш запрашаліся ўсе продкі. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень
наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам.
На асобнай талерачцы была і каша дзеля Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго,
бо маразы ў перыяд каляд былі, бадай, самымі моцнымі за ўсю зіму. Гэты даволі
распаўсюджаны звычай захаваўся ў некаторых краінах і па сённяшні дзень -
традыцыя ставіць на новы год за акно талерачкі з зернем.
Другая
куцця, тоўстая, багатая, шчодрая – ладзілася праз тыдзень, па часу супадала з
сучасным новым годам. Як вынікае з назвы, у гэты вечар на стале былі стравы з
мяса разнастайных гатункаў – варанага, смажанага, печанага, каўбасы, вяндліны,
куцця са шкваркамі.
Трэцяя
куцця прыходзілася на канец святочнага тыдня, Велесаў дзень, звычайна 6
студзеня па сучасным стылі і называлася “вадзяная”. Магчыма, такую назву яна
атрымала пазней, ужо ў хрысціянскія часы, таму што супадала з царкоўным святам вадохрышча. Але есць верагоднасць, што за
два тыдні святкавання ды набівання страўнікаў, запасы значна памяншаліся і каша
на вадзе – бадай, адзінае, чым можна было частаваць гасцей пад канец каляд.
Комментариев нет:
Отправить комментарий