суббота, 24 августа 2019 г.

Вопыт работы выкладчыка беларускай мовы і літаратуры


РАЗВІЦЦЁ ТВОРЧЫХ ЗДОЛЬНАСЦЕЙ НАВУЧЭНЦАЎ ПРАЗ ВЫКАРЫСТАННЕ ЭЛЕМЕНТАЎ ТЭАТРАЛІЗАЦЫІ І ІНСЦЭНІРОЎКІ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ І Ў ПАЗАЎРОЧНАЙ РАБОЦЕ

1. Інфармацыйны блок

1.1.             Назва тэмы вопыту
Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў праз выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай рабоце.
1.2.             Актуальнасць вопыту
«Корань вучэння горкі», - казалі старажытныя рымляне і “дапамагалі” тагачасным навучэнцам розгамі. Старажытныя ісціны мудрыя ... Ніхто не спрачаецца. Але мяняецца час, змяняецца погляд на жыццё. Мяняюцца норавы, і мы разам з імі.
Адной з задач адукацыйнага стандарта вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца “развіццё літаратурна-творчых здольнасцей навучэнцаў” [1]. Таксама ў Канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” адзначана, што адным з патрабаванняў да вынікаў літаратурнага навучання з’яўляецца “развітасць творчых здольнасцей і ўменняў, неабходных для самавыяўлення і самаўдасканалення асобы” [3]. Гэта значыць, што навучэнцы на заключнай ступені літаратурнага навучання павінны “валодаць рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці (напісанне сачынення, даклада, рэферата, рэцэнзіі і інш.)” [3].
Аднак, пры правядзенні ўрокаў беларускай літаратуры я заўважыла, што творчыя здольнасці навучэнцаў развіты не на патрэбным узроўні, а некаторыя заданні выклікаюць цяжкасці пры іх выкананні, напрыклад сачыненне на вольную або літаратурную тэму, водгук на мастацкі твор, складанне вершаў, напісанне эсэ і інш.
У методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры з’явілася многа сучасных адукацыйных тэхналогій, якія павялічваюць цікавасць да беларускага слова, але не трэба забываць і ўжо добра вядомыя метады і прыёмы навучання, якія развіваюць творчыя здольнасці падлеткаў. Я лічу, што адным з такіх прыёмаў з’яўляецца выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці. На сучасным уроку можна аб’яднаць тэатралізацыю з выкарыстаннем новых дасягненняў тэхнікі. Напрыклад, відэакамерай, магчымасцямі мабільнага тэлефона, камп’ютара і г. д. Навучэнцам такая работа будзе не толькі карысная, але і цікавая.
Па словах В.А.Сухамлінскага, «творчы падыход настаўніка да вучэбнага працэсу здольны абудзіць у дзіцяці схаваныя здольнасці і таленты».
Я ўпэўнена ў тым, што правільна арганізаваная работа на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці стварае ўмовы для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў.
1.3.             Мэты вопыту
Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў праз элементы тэатралізацыі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці.
Задачы вопыту
1. Пазнёміцца з навукова-метадычнай літаратурай па абранай тэме.
2. Правесці аналіз элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці.
3. Распрацаваць дыдактычны модуль з дапамогай элементаў тэатралізацыі для ўрокаў літаратуры.
4. Выявіць эфектыўнасць выкарыстання элементаў тэатралізацыі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці.
1.4.             Працягласць работы над вопытам
Над тэмай сваёй работы я працавала з пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці, але мэтанакіравана пачала вывучаць метадычную літаратуру, апрабіраваць розныя формы правядзення ўрокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў, укараняць іх у сваёй практыцы прыкладна пяць гадоў таму, калі сутыкнулася з шэрагам праблем:
-         узнікненне так званага «крызіса зносін», некамунікабельнасці падлеткаў;
-         агульная паспяховасць навучэнца не з’яўляецца галоўным паказчыкам яго рэальных здольнасцей;
-         на звычайным уроку, у рамках абмежаванасці часам, менш магчымасцяў сістэмна развіваць творчыя здольнасці навучэнцаў.
2.     Апісанне тэхналогіі вопыту
2.1.             Вядучая ідэя вопыту
Сістэмнае выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці садзейнічае развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў. 
Я лічу, што галоўнае для выкладчыка – гэта не толькі захапіць навучэнцаў творчай дзейнасцю, але і паказаць яе значнасць, надаць упэўненасць у сваіх сілах, уключыць іх у практычны творчы працэс.Таму вядучую ідэю сваёй педагагічнай дзейнасці бачу ў стварэнні ўмоў для развіцця і ўдасканалення творчага патэнцыялу навучэнцаў ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.
2.2.             Апісанне сутнасці вопыту
Працуючы шмат гадоў у сельскагаспадарчым ліцэі, я прыйшла да высновы, што развіццю творчых здольнасцей  навучэнцаў значна садзейнічае выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і  інсцэніроўкі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці.
Тэатралізацыя – гэта своеасаблівая гульнёвая сітуацыя, у якой навучэнец можа раскрыць творчы патэнцыял, уступіць у моўныя зносіны з таварышамі не па загаду выкладчыка, а дзеля сваёй зацікаўленасці.
У сваёй працы я выкарыстоўваю розныя прыёмы тэатралізацыі: чытанне па ролях, персаніфікацыя, інсцэніроўка ўрыўка твора, састаўленне маналогаў і дыялогаў па тэме і іх інсцэніроўка, вядзенне рэпартажу, інтэрв’ю і інш.
У навучанні тэатралізацыі звычайна вылучаю наступныя этапы:
-  падрыхтоўчы: першаснае ўспрыманне, чытанне, асмысленне і аналіз тэксту;
-  выканаўчы аналіз: інтэрпрэтацыя мастацкага тэксту (інтанаванне, мізансцэны, эскізы, касцюмы, дэкарацыі);
-  рэпетыцыйны этап (адпрацоўка маўленчых і акцёрскіх навыкаў);
-  рэфлексія: абмен думкамі пасля прагляду.
На ўроках з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі не стаўлю мэту вырасціць артыста для вялікай сцэны, а развіць у падлеткаў творчыя здольнасці, садзейнічаць развіццю эстэтычнага ўспрымання рэчаіснасці.
Сваю дзейнасць па апрабіраванні названых метадаў я пачынала паступова, паколькі і мне, і навучэнцам неабходна было набыць пэўны вопыт. Для гэтага азнаёмілася з літаратурай, падрыхтавала прыкладны план выкарыстання метадаў. Спачатку распланавала і правяла некалькі вучэбных заняткаў з элементамі тэатралізацыі, выкарыстоўваючы простыя прыёмы: чытанне па ролях і персаніфікацыю.
Напрыклад, прыём чытанне па ролях прымяняецца на ўроках літаратуры  пры вывучэнні тэмы “П’еса А.Дударава “Князь Вітаўт”, “А.Макаёнак “Зацюканы апостал” і “Камедыя К.Крапівы “Хто смяецца апошнім”. Гэта найбольш вядомы прыём тэатралізацыі, пры якім развіваецца ўменне выразна  чытаць.
Пры персаніфікацыі навучэнец выконвае ролю персанажа, які сапраўды існаваў, каб больш рэальна ўявіць гістарычны час, эпоху, і тым самым дапамагае  весці ўрок. Гэты прыём карысны пры вывучэнні твораў вялікай будовы і прымяняецца, напрыклад, для характарыстыкі вобраза К.Каліноўскага ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” і вобраза А.П.Гарлахвацкага з камедыі К.Крапівы “Хто смяецца апошнім”.
Састаўленне маналогаў і дыялогаў па тэме і іх інсцэніроўка дапамагаюць развіваць вусную і пісьмовую мову, творчыя здольнасці і ўменне трымацца на сцэне. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Характарыстыка вобразаў аповесці “Сотнікаў” В.Быкава” навучэнцы выконваюць заданне  - састаўленне і інсцэніроўка дыялога Сотнікава і Рыбака ў нямецкім палоне.
Для падрыхтоўкі рэпартажаў, інтэрв’ю трэба пераўвасобіцца ў журналіста, рэжысёра. Гэты прыём з’яўляецца эфектыўным пры знаёмстве з біяграфіяй пісьменніка. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Жыццёвы і творчы шлях Івана Мележа” навучэнцы атрымліваюць заданне ўзяць інтэрв’ю ў І.Мележа, а пры вывучэнні тэмы “Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава” – стварыць рэпартаж пра франтавыя дарогі В.Быкава. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць навучэнцам пераўтварыцца і ў журналіста, і ў аператара, і ў пастаноўшчыка, звычайна яны з задавальненнем здымаюць відэасюжэты рэпартажаў,  інтэрв’ю. Пасля прагляду самі робяць аналіз зробленага і шукаюць шляхі выпраўлення памылак. Так нават і слабапаспяваючы навучэнец можа зацікавіцца і адчуць задавальненне ад сваёй работы.
Для ажыццяўлення кантролю за ходам працэсу навучання планую і распрацоўваю змест і ход заняткаў: вызначаю хранаметраж, ролю ўдзельнікаў, рыхтую пытанні і магчымыя адказы, сцэнарыі; выпрацоўваю крытэрыі эфектыўнасці ўрока, пры гэтым прадугледжваю розныя прыёмы для прыцягнення і актывізацыі ўвагі навучэнцаў, уцягнення іх у работу.
Пры падрыхтоўцы да ўрока ці пазаўрочнага мерапрыемства ўлічваю ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, іх вопыт, здольнасці, часта ў некаторых вучэбных групах даю заданні для папярэдняй падрыхтоўкі. 
Таксама творчыя здольнасці падлеткаў праяўляюцца пры выкананні дамашняга задання. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Вобразы паліцаяў у аповесці В.Быкава “Знак бяды” навучэнцы састаўляюць сінквейны са словамі Гуж, Каландзёнак, Недасека (Дадатак 1). Пры вывучэнні тэмы “Раман у вершах “Родныя дзеці” навучэнцы атрымліваюць дамашняе заданне “Накрыць стол” – выбраць назвы страў з твора Ніла Гілевіча. Такое заданне часцей выкарыстоўваю ў групах па прафесіі “Повар”. Пры вывучэнні тэмы “Жыццёвы і творчы шлях В.Быкава” неабходна напісаць ліст маці пісьменніка Ганне Рыгораўне. Пры вывучэнні тэмы “Вобразы Васіля і Ганны ў рамане “Людзі на балоце” навучэнцам прапаную скласці акраверш са словам “каханне” або закончыць фразу “Каханне – гэта…”
У маёй метадычнай скарбонцы – распрацоўкі выхаваўчых і інфармацыйных гадзін, пазаўрочных мерапрыемстваў, урокаў з элементамі інсцэніроўкі, якія садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей, кемлівасці, артыстызму;  выпрацоўваюць уменне фармуляваць і выказваць свае думкі.
Напрыклад, пазаўрочнае мерапрыемстваў форме КВіЗ “Любі, шануй, ведай роднае слова!”; урок па тэме “Вобразы Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі ў рамане Івана Мележа “Людзі на балоце” з элементамі інсцэніроўкі  размовы Ганны і Васіля; урок беларускай літаратуры па тэме  “Раман І. П. Шамякіна “Сэрца на далоні” з элементамі інсцэніроўкі размовы Антона Яраша з жонкай Галінай Адамаўнай (Дадатак 2); урок па беларускай літаратуры па тэме “Праблема кахання ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце” з элементамі інсцэніроўкі “Заручыны Ганны Чарнушкі”; пазаўрочныя мерапрыемствы прафесійнай накіраванасці у групах па спецыяльнасці “Повар”, “Кандытар”, “Афіцыянт”, конкурсы прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі”; дыдактычны матэрыял прафесіянальнай накіраванасці. (Дадатак 3)
На такіх уроках і мерапрыемствах навучэнцы  павінны не толькі выразна данесці матэрыял для слухачоў, а выбраць пэўную ролю, якая падыходзіць канкрэтнаму чалавеку. Пры гэтым не пакрыўдзіць адзін аднаго і працаваць разам.
Мой вопыт працы ў ліцэі паказвае, што найбольш удалым відам творчасці навучэнцаў з’яўляецца тэатральна-сцэнічная дзейнасць.Падлеткі з радасцю ўдзельнічаюць у інсцэніроўках, іграюць свае ролі шчыра, ад усёй душы, як сапраўдныя артысты. Трэба адзначыць, што навучэнцы часта актыўна прымаюць удзел у пазаўрочных мерапрыемствах не дзеля адзнакі, а з-за жадання пазнаць цікавае, невядомае, раскрыць свае артыстычныя здольнасці.
У форме тэатральных прадстаўленняў праводзяцца многія святы і беларускія абрады. Гэты від дзейнасці патрабуе ўмення трымацца на сцэне, імправізацыі і добрага ведання беларускай мовы.
Напрыклад, на працягу апошніх гадоў у ліцэі былі праведзены: 
- тэатралізаваная інсцэніроўка прафесіянальнай накіраванасці “Беларускія прысмакі. Калдуны”, актыўны ўдзел у якой прынялі навучэнцы групы па прафесіі “Повар”;
 -  літаратурна-музычная кампазіцыя “Слаўныя сыны Беларусі”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы;
-  літаратурна-музычная кампазіцыя “Палеская ластаўка”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц (пры вывучэнні тэмы “Літаратурная Піншчына”);
- літаратурна-музычная кампазіцыя “Чарнобыль – боль, які спальвае сэрца” да дня памяці ахвяр Чарнобыльскай АЭС (пры вывучэнні тэмы “Чарнобыль у творах беларускіх пісьменнікаў”);
- першы ўрок Мне выпала шчасце тут нарадзіцца(1 верасня 2018 г.);
- прэзентацыя відэароліка “Ліцэісты за энергазберажэнне”;
- вечар гумару “Смяяцца не грэх”(пры вывучэнні творчасці К.Крапівы);
 - урачыстае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы – 21 лютага, які ўключае пазаўрочнае мерапрыемства “Гімн роднай мове” і інш.
Не сакрэт, што поспех – самы лепшы выхавацель, бо ён дае галоўнае: упэўненасць у сваіх сілах і ў самім сабе. Навучэнец, які пайшоў з урока ці з пазаўрочнага мерапрыемства  з гонарам за сябе, будзе зноў і зноў чакаць наступнага моманту, каб яшчэ раз перажыць перамогу над сабою. А зрабіць такую ўпэўненасць дапамагае тэатральная дзейнасць.
Зразумела, класічны камбінаваны ўрок у навучанні быў, ёсць і будзе, але без нетрадыцыйных формаў яго не абысціся. Менавіта яны і падтрымліваюць цікавасць сучасных дзяцей да прадметаў, павышаюць матывацыю да іх вывучэння. Заняткі з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі заўсёды цікавыя і разнастайныя, канечне, імі нельга падмяніць увесь вучэбны працэс, але зрабіць яго больш эфектыўным магчыма.
2.3.             Выніковасць і эфектыўнасць вопыту
Побач са шматлікімі перавагамі падрыхтоўка ўрока ці пазаўрочнага мерапрыемства з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі  патрабуе ад настаўніка вялікіх затрат сіл і часу. Частае выкарыстанне такіх урокаў немагчыма, бо ўсё ж такі стамляе і педагога, і навучэнцаў. Шматлікія перамяшчэнні па кабінеце, гульні ствараюць мітусню, часта расхалоджваюць навучэнцаў. Існуюць пэўныя цяжкасці і з ацэньваннем вынікаў вучэбнай дзейнасці на такіх уроках.
Таму, зразумела, мэтазгодна прымяняць такія метады не на ўсіх уроках, а выбарачна, у адпаведнасці з мэтай урока, зместам вучэбнага матэрыялу, улікам індывідуальных асаблівасцей падлеткаў. Урокі з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі  мэтазгодна праводзіць, напрыклад, як заключныя па пэўным раздзеле, па пэўным творы, па творчасці пэўнага пісьменніка.
Вопыт работы паказвае, што ў пачатку навучальнага года ў навучэнцаў новага набора (1 курс) узнікаюць некаторыя цяжкасці пры выкананні творчых работ, напрыклад, такіх як “закончы фразу”, “напішы ліст”, “састаў сінквейн”, “прыдумай верш” і г.д. А праз 2 гады ў чэрвені, падводзячы вынікі, я заўважаю, што многія падлеткі з цікавасцю выконваюць творчыя заданні, становяцца ініцыятарамі работы, а выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі не толькі спрыяе развіццю творчых здольнасцей падлеткаў, а і павышае ўзровень навучанасці па беларускай літаратуры.
Выніковасць сваёй працы я ацэньваю не толькі аб’ёмам ведаў навучэнцаў, але і ўсебаковым іх развіццём, зменай пазіцыі “няўдачніка” на пазіцыю “пераможцы”.
Крытэрыямі ацэнкі майго вопыту з’яўляюцца:
-  узровень навучанасці па беларускай літаратуры (Дадатак 4);
-  выніковасць удзелу ліцэістаў у разнастайных тэматычных конкурсах, што пацвярджае развіццё творчых здольнасцей падлеткаў (Дадатак 5).
Мае навучэнцы смела, актыўна і вынікова ўдзельнічаюць ва ўнутрыліцэйскіх, абласных, рэспубліканскіх творчых конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, што прадугледжвае напісанне даследчай працы, падрыхтоўку вершаў, творчых работ: сачыненняў, мініяцюр, эсэ, замалёвак і г.д.
Напрыклад, на працягу апошніх чатырох навучальных гадоў навучэнцы ліцэя прымалі ўдзел у наступных мерапрыемствах:
-  абласная навукова-практычная канферэнцыя сярод навучэнцаў устаноў прафесіянальнай адукацыі “Зямля, дзе пачаўся мой лёс” – даследчая работа «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва на грашовых адзінках Рэспублікі Беларусь» - Дыплом II ступені, 2017 г.;
-  рэспубліканскі конкурс на лепшы літаратурны, мастацкі і музычны твор, прысвечаны 100-годдзю пагранічнай службы, намінацыя “Лепшы паэтычны твор пра пагранічную службу”верш “Салдат-пагранічнік” – Дыплом III ступені і каштоўны падарунак, 2018 г.;
-  абласны этап конкурсу творчых работ “А ў нашай хаце свята” у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” – творчая работа Калядныя пірагі з душамі” – Грамата фіналіста, публікацыя ў газеце “Пераходны ўзрост” і адпачынак у НДЦ “Зубраня” – 2018 г.;
-  абласны агляд-конкурс сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесіянальнай адукацыі па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню “Спадчына”- верш “Красічын”– Дыплом удзельніка – 2018 г. (Дадатак 6);
-  рэспубліканскі паэтычны конкурс сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй адукацыі “Шчасце - жыць у мірнай краіне” - верш “Беларусі быць мірнай краінай” – Дыплом прызёра і зборнік вершаў – 2018 г.;
-  абласны конкурс “Проба пяра” сярод навучэнцаў устаноў прафесіянальнай адукацыі – творчая работа “Адрас сустрэчы – Піншчына” (нататкі падарожніка) – Дыплом III ступені – 2017 г.;
-  абласны інтэрактыўны праект “Рэцытацыя”да 135-годдзя Якуба Коласа – Якуб Колас “Даль” – Дыплом II ступені – 2017 г.;
-  абласны творчы конкурс юных карэспандэнтаў “Ствараем дабрыню разам”, намінацыя “У аб’ектыве – дабрыня” – творчая работа “Валанцёрскія справы ліцэістаў” – Падзяка – 2015 г.;
-  абласны этап паэтычнага конкурсу “Мне засталася спадчына” да 135-годдзя Якуба Коласа - верш “Словы Коласа”;
-  абласны этап конкурсу даследчых работ “Тапаніміка роднага краю у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” - даследчая работа “Паходжанне тапанімічных назваў Піншчыны”;
-  рэспубліканскі конкурс праектаў VelcomYOUTH для вучняў 10-11 класаў устаноў адукацыі Республікі Беларусь;
-  абласны конкурс эсэ, прысвечаны святкаванню 100-годдзя з дня ўтварэння БССР – эсэ “Беларусь для мяне…” – Сертыфікат прызёра III месца – 2018 г. і інш.
Мэта вопыту дасягнута, бо вынікі дыягностыкі паказалі, што пры выкарыстанні элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на  ўроках ці пазаўрочных мерапрыемствах назіраецца пазітыўная дынаміка ўзроўню навучанасці падлеткаў па беларускай літаратуры; па-другое, з кожным годам павышаецца выніковасць удзелу ліцэістаў у творчых конкурсах. Таксама павысіўся ўзровень кваліфікацыі аўтара па праблеме вопыту. Такім чынам, задачы фарміравання і абагульнення вопыту вырашаны.
Дадзены вопыт эфектыўны, калі настаўнік здольны памяняць сябе, свае адносіны да працэсу ўзаемадзеяння на ўроку і калі навучэнцы псіхалагічна гатовы ўключацца ва ўзаемадзеянне. Таксама важным тут з’яўляюцца даверлівыя, пазітыўныя адносіны паміж выкладчыкам і навучэнцамі і навучэнцамі паміж сабой.
На ўроках нярэдкімі былі выпадкі, калі навучэнцы з высокім узроўнем навучання справіцца з заданнямі не змаглі, у той час навучэнцы з нізкім узроўнем выконвалі іх з лёгкасцю і маглі атрымаць высокую адзнаку. Гэта пацвярджае эфектыўнасць дадзенага вопыту.
3.     Заключэнне
Выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці падштурхнула мяне да нейкіх унутраных змен, да самаўдасканалення. Творчы стан не пакідае мяне на працягу некалькіх гадоў і пацвярджае той факт, што названыя метады з’ўляюцца дзейсным педагагічным сродкам, а іх выкарыстанне – важнай умовай развіцця самога педагога.
Прадстаўленыя мною метады работы будуць карыснымі як для пачынаючых, так і для вопытных педагагічных работнікаў. Урокі і пазаўрочныя мерапрыемствы з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі заўсёды павучальныя, змястоўныя, цікавыя, яны прывіваюць любоў да роднай мовы, спрыяюць развіццю творчых здольнасцей падлеткаў.
Каштоўнасць выкарыстання апісаных метадаў не толькі ў займальнасці. Большасць навучэнцаў з задавальненнем прымаюць удзел у інсцэніроўках на ўроках, у пазаўрочных мерапрыемствах, конкурсах прафесійнага майстэрства.
Са сваім вопытам работы я неаднаразова выступала на педагагічных саветах, пасяджэннях метадычнага аб’яднання выкладчыкаў агульнаадукацыйных прадметаў установы адукацыі,  праводзіла адкрытыя ўрокі для маладых спецыялістаў ліцэя і вобласці (Дадатак 7), маю публікацыі ў перыядычным друку: газета “Палеская праўда”, газета “Метадыст”, часопіс “Прафесіянальная адукацыя” (Дадатак 8).
У 2015 годзе кабінет “Беларуская мова і літаратура”, загадчыкам якога я з’яўляюся, быў узнагароджаны Дыпломам III ступені на абласным конкурсе вучэбных кабінетаў па прадметах гуманітарнага цыкла “Беларуская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура”, “Гісторыя”.
У 2017 і 2019 гадах я прымала ўдзел у абласным Кірмашы сацыяльна-педагагічных праектаў прафесіянальнай адукацыі (Дадатак 9), таксама маю шэраг асабістых узнагарод раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню (Дадатак 10).
На працягу 2015/2016 і 2016/2017 навучальных гадоў  з’яўлялася ўдзельнікам творчай групы ліцэя па забеспячэнню рэалізацыі праекта эксперыментальнай дзейнасці па тэме: “Апрабацыя адукацыйных блогаў як сродку абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту”, у 2017/2018 і 2018/2019 навучальным годзе - удзельнік творчай групы па забеспячэнню рэалізацыі інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне адукацыйных блогаў як сродку абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту”.
Свой вопыт работы ў названым праекце я прадстаўляла на розных узроўнях: 2017 г. - рэспубліканскі семінар па тэме “Тэхналогіі электроннага навучання – шлях павышэння якасці адукацыйнага працэсу ва ўстановах прафесіянальнай адукацыі”,  2018 - пашыраны рэктарат установы адукацыі “Рэспубліканскі інстытут прафесіянальнай адукацыі” з дакладам па тэме “Арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння з выкарыстаннем магчымасцей блогаў педагагічных работнікаў”. Таксама артыкулы з матэрыяламі па дадзенай тэматыцы апублікаваны ў рэспубліканскім вытворча-практычным навукова-метадычным часопісе “Прафесіянальная адукацыя” і ў абласных і раённых сродках масавай інфармацыі (Дадатак 11).
28 лістапада 2018 года выступала на абласным мерапрыемстве “Педагагічныя чытанні выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры ўстаноў ПТА і ССА” на базе нашага ліцэя па тэме “Дык шануй, Беларус, сваю мову…”. Па выніках мерапрыемства быў выдадзены “Зборнік матэрыялаў абласных педагагічных чытанняў выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры”.
20 сакавіка 2019 г. выступала на абласным мерапрыемстве “Панарама педагагічных дасягненняў выкладчыкаў” па тэме: «Дасягненні навучэнцаў ліцэя на аснове развіцця творчых здольнасцей падлеткаў».
У сакавіку 2019 г. зборнік распрацаваных метадычных матэрыялаў “Зямля бацькоў – жыцця крыніца” быў прадстаўлены на XVIII рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году малой Радзімы (Дадатак 12).



Спіс выкарыстаных крыніц

1.                     Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”
2.                     Жуковіч, М. В. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэдн.адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М.В.Жуковіч. – Мінск : Аверсэв, 2015. – 252 с.
3.                     Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”
4.                     Методическое обеспечение аттестации педагогических работников.– Минск: Государственное учреждение образования «Академия последипломного образования», 2017
5.                     Пазакласная праца па беларускай мове і літаратуры: дапаможнік для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў. – Мінск: Аверсэв, 2007
6.                     Подласый, И. П. Педагогика: Новый курс: учеб. для студ. высш. учеб. заведений: в 2 кн. Ч. 1 / И. П. Подласый. – Москва: Гуманит. изд. Центр ВЛАДОС, 2003. – 527 с.
7.                     Інтэрнэт-рэсурсы:


Комментариев нет:

Отправить комментарий