суббота, 24 августа 2019 г.

МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ па правядзенні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі першага ўрока ў 2019/2020 навучальным годзе (па матэрыялах сеткі Інтэрнэт)


Мы, народ Беларусі, разам глядзім у будучыню і ведаем, што яна ёсць, пакуль захоўваем памяць пра мінулае… 

Мы ганарымся мужнасцю і гераізмам пераможцаў. Сваёй працай, поспехамі і мэтамі ў мірным жыцці імкнёмся быць дастойнымі прадаўжальнікамі іх слаўнага подзвігу. Разам будуем моцную незалежную дзяржаву.
І самае галоўнае — няхай на вуліцах нашых гарадоў і вёсак заўсёды гучыць бесклапотны смех нашых дзяцей — новых грамадзян сучаснай суверэннай і незалежнай Беларусі.
А.Р.Лукашэнка.
(З выступлення на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 2 ліпеня 2019 года.)
Для першага ўрока, які пройдзе 2 верасня 2019 года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, рэкамендуецца тэма “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”. Цудоўныя словы песняра беларускага народа Янкі Купалы сугучны з тэмай Года малой радзімы, падкрэсліваюць суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь, які ўмацаваўся за 25 гадоў існавання інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне.
Ключавой ідэяй першага ўрока павінны стаць словы кіраўніка дзяржавы, якія прагучалі на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці: “Тое, што за чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах магутнага палітычнага, інфармацыйнага, эканамічнага націску нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір і парадак у краіне, — гэта стала нашай з вамі агульнай перамогай у навейшай гісторыі”.
Першы ўрок павінен спрыяць выхаванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за сваю краіну і яе герояў, павагі да свайго народа, да дасягненняў сваёй радзімы, развіццю сацыяльнай і творчай актыўнасці, фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, а таксама ўсведамленню (разуменню) таго, што Беларусь — суверэнная краіна, якая глядзіць у будучыню, але захоўвае памяць пра мінулае.
На першым уроку кожны першакласнік краіны атрымае ў падарунак кнігу “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. Выданне выпускаецца з электронным DVD-дадаткам. Вучэбны дапаможнік праз яркія ілюстрацыі расказвае першакласнікам пра Беларусь. DVD-дадатак змяшчае дадатковую інфармацыю для прагляду і слухання, інтэрактыўныя гульні і заданні (віктарыны, пазлы, электронныя размалёўкі і інш.). Дынамічныя мультымедыйныя прэзентацыі і гульнявыя заданні-трэнажоры павысяць матывацыю навучэнцаў і дазволяць настаўніку максімальна эфектыўна выкарыстоўваць гульнявую дзейнасць для дасягнення задач урока, зрабіць яго яркім і цікавым.
Значнымі падзеямі, якія павінны знайсці адлюстраванне ў змесце першага ўрока, з’яўляюцца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 80-годдзе ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, 25 гадоў існавання інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне, суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, ІІ Еўрапейскія гульні, накіраваныя на аб’яднанне народаў Еўропы ў імя міру і стварэння на планеце.
Падчас першага ўрока мэтазгодна ўдзяліць увагу наступным пытанням:
асноўныя вехі ў гісторыі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы (прыняцце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР, падпісанне “Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў”, выбары Першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь прававой дзяржавы і дзейснага функцыянавання ўсіх галін улады);
сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны: арыентацыя на рост дабрабыту і павышэнне якасці жыцця грамадзян, задавальненне іх сацыяльных і культурных патрэб і інтарэсаў;
становішча рэспублікі на міжнароднай арэне: міратворчая роля Беларусі ва ўрэгуляванні складаных палітычных канфліктаў як пляцоўкі для міжнародных перамоў; правядзенне ІІ Еўрапейскіх гульняў і іншых прэстыжных спартыўных спаборніцтваў, а таксама разнастайных культурных міжнародных мерапрыемстваў (напрыклад, Славянскі базар у Віцебску і г.д.).
У сусвязі з будучым святкаваннем 9 мая 2020 года 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне рэкамендуецца на першым уроку асвятліць ролю беларускага народа ў Вялікай Перамозе, неабходнасць клопату аб ветэранах і састарэлых людзях, магчымасць удзелу ў акцыях ГА “БРСМ” “Добрае сэрца”, “Дзякуй за Перамогу!”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, “Беларусь памятае” і інш.
Падчас правядзення перашага ўрока важна ўдзяліць асаблівую ўвагу дзяцінству, акружанаму клопатам дзяржавы; адкрытай суверэннай дзяржавай шырыні магчымасцей для навучання, працы, умацавання здароўя, развіцця творчага патэнцыялу, адпачынку, рэалізацыі сваіх жыцёвых мэт і планаў; дзейнасці дзяржавы, якая змагаецца за мір, за яго захаванне, за магчымасць і далей маладому пакаленню жыць і рэалізоўваць свае мары пад мірным небам.
Правядзенне першага ўрока павінна стаць яркім і запамінальным. Неабходна максімальна ўключыць навучэнцаў у актыўную дзейнасць, выкарыстоўваць інтэрактыўныя формы правядзення (урок-адкрыццё, прэс-канферэнцыя, дыскусія, панарама, тэлемост, рэпартаж, дыялог, жывая газета, вусны часопіс і інш.). Вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікаюць такія формы работы, як урок-падарожжа, завочная экскурсія, фотавыстава і інш.
Значнай падзеяй для навучэнцаў можа стаць наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (http://www.warmuseum.by/), філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея “Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці”, экспазіцыя якога ахоплівае перыяд сучаснай гісторыі Рэспублікі Беларусь і прысвечана палітычнаму, эканамічнаму, навуковаму, культурнаму і спартыўнаму жыццю краіны (http://www.msbd.histmuseum.by/by/collections/museum-treasure-trove/).
Першы ўрок можна правесці ў школьным музеі, арганізаваўшы тэматычныя выставы, экспазіцыі, створаныя на аснове матэрыялаў і экспанатаў, сабраных у час летніх турысцка-краязнаўчых паходаў і экспедыцый. Шырокія магчымасці адкрывае такая форма работы, як узаеманаведванне школьных музеяў. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на адукацыйны патэнцыял школьных музеяў баявой славы.
У працэсе падрыхтоўкі і правядзення першага ўрока педагогам трэба выбіраць форму і метады правядзення ўрока з улікам узросту навучэнцаў, абапірацца на іх веды, эрудыцыю, вопыт, выкарыстоўваць рэгіянальны і мясцовы матэрыял па гісторыі і сучасным развіцці вобласці (раёна, горада, вёскі), даць магчымасць здзейсніць экскурс у гісторыю роднага горада, вёскі, школы, вуліцы.
Уключэнне ва ўрок музычных твораў, ілюстрацый, слайдаў, фотаздымкаў, мультымедыйных прэзентацый, выкарыстанне твораў беларускіх паэтаў і празаікаў, дзеячаў мастацтва будзе спрыяць больш дзейснаму эмацыянальна-каштоўнаснаму ўспрыманню інфармацыі навучэнцамі.
Важна звярнуць увагу на афармленне кабінета, у якім праводзіцца першы ўрок, дзе могуць быць прадстаўлены наступныя элементы: дзяржаўная сімволіка, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, ілюстраваная карта Беларусі, выстава кніг пра Беларусь, фотаздымкі гістарычных мясцін і прыроды Беларусі, выдатных дзеячаў рэспублікі, альбомы, рэпрадукцыі карцін, творчыя работы навучэнцаў (рэфераты, праекты, сачыненні, вершы, малюнкі, плакаты, газеты, водзывы аб экскурсіях, макеты і г.д.).
Першы ўрок і іншыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да пачатку навучальнага года, павінны быць праведзены на высокім арганізацыйным, метадычным узроўні і стаць імпульсам для ўсёй ідэалагічнай і выхаваўчай работы, накіраванай на фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.



Комментариев нет:

Отправить комментарий