суббота, 24 августа 2019 г.

«Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!»


План першага ўрока

 (1 верасня 2019 г.)


Мэты ўрока:
- Паглыбіць веды навучэнцаў аб сваёй Радзіме – Рэспубліцы Беларусь;
- Спрыяць выхаванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за сваю краіну і яе герояў, павагі да свайго народа, да дасягненняў сваёй радзімы,
- Садзейнічаць развіццю сацыяльнай і творчай актыўнасці, фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, а таксама ўсведамленню (разуменню) таго, што Беларусь — суверэнная краіна, якая глядзіць у будучыню, але захоўвае памяць пра мінулае.

Ход урока
Гучыць фанаграма “Мой родны кут” у выкананні ансамбля “Песняры”.
Выкладчык: Добры дзень, паважаныя навучэнцы, бацькі і госці нашага ліцэя.
Мы рады Вас вітаць у гэтай зале. Сёння – свята ведаў, якое по традыцыі адкрывае для Вас пачатак навучальнага года. Наш першы ўрок называецца «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!». Гэтыя радкі ўзяты з верша “Маладая Беларусь”. Цудоўныя словы песняра беларускага народа Янкі Купалы сугучны з тэмай Года малой радзімы, падкрэсліваюць суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь
Сённа варта нагадаць словы Прэзідэнта нашай краіны з выступлення на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 2 ліпеня 2019 года:
“Мы, народ Беларусі, разам глядзім у будучыню і ведаем, што яна ёсць, пакуль захоўваем памяць пра мінулае… Мы ганарымся мужнасцю і гераізмам пераможцаў. Сваёй працай, поспехамі і мэтамі ў мірным жыцці імкнёмся быць дастойнымі прадаўжальнікамі іх слаўнага подзвігу. Разам будуем моцную незалежную дзяржаву.
І самае галоўнае — няхай на вуліцах нашых гарадоў і вёсак заўсёды гучыць бесклапотны смех нашых дзяцей — новых грамадзян сучаснай суверэннай і незалежнай Беларусі.”
А.Р.Лукашэнка.

Рэспубліка Беларусь з'явілася на карце свету амаль тры дзясяткі гадоў таму. Здабыўшы незалежнасць, будавалася і развівалася ва ўмовах складаных геапалітычных, эканамічных, грамадскіх, рэгіянальных і глабальных трансфармацый. Галоўнымі прыярытэтамі развіцця беларускай дзяржавы з'яўляюцца - дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка, нацыянальная бяспека. За гады незалежнасці нямала зроблена ў сферы спорту, прамысловасці, культуры, медыцыны, навукі.
Адным з напрамкаў палітыкі краіны з’яўляецца выхаванне здаровай нацыі. У нашай краіне надаецца вялікая ўвага фізічнай культуры і спорту. Палітыка дзяржавы нацэлена на тое, каб усім прадставіць магчымасць займацца фізкультурай і спортам. Высокія дасягненні ў спорце і наяўнасць спартыўных збудаванняў сусветнага класа сведчаць аб паспяховай рэалізацыі пастаўленых дзяржавай задач. Найбольш папулярнымі відамі спорту з'яўляюцца: лёгкая атлетыка, футбол, гімнастыка, лыжны спорт, хакей, тэніс, фехтаванне, барацьба, валейбол, гандбол, плаванне, шахматы і шашкі.
На сённяшні дзень у краіне функцыянуе больш 26 000 аб'ектаў фізкультурна-спартыўнага прызначэння. Так, напрыклад, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» лічыцца адным з лепшых у свеце цэнтраў для правядзення спаборніцтваў па біятлоне. У Беларусі шмат навучальных цэнтраў для падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў, у тым ліку:
·                   Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры,
·                   12 вучылішчаў алімпійскага рэзерву,
·                    212 спецыялізаваных школ алімпійскага рэзерву,
·                   185 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.
У Беларусі тры буйныя цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі: у Стайках, Раўбічах і Ратамцы. Беларусь па праву можа ганарыцца сваёй гісторыяй удзелу ў Алімпійскіх гульнях. У некалькіх відах спорту, якія ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў, беларускімі спартсменамі ўстаноўлены больш за 60 нацыянальных рэкордаў.
Шмат  ураджэнцаў Беларусі сталі чэмпіёнамі свету і Еўропы ў многіх відах спорту. Ва ўсіх на слыху дасягненні вядомых спартсменаў, якія пачалі свой шлях у вялікі спорт са студэнцкага. Гэта славутыя біятланісткі Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна, тэнісіст Максім Мірны, фрыстайлісты Ала Цупер, Аляксей Грышын і Антон Кушнір, гімнастка Меліціна Станюта,  чэмпіёнка па веславанні Кацярына Карстэн. Гэтыя спартсмены  ва ўсіх адносінах выдатны прыклад для моладзі, узор для пераймання для толькі пачынаючых свой шлях у спорце.
Варта нагадаць і самыя яркія спартыўныя падзеі гэтага года, якія прайшлі ў нашай краіне – Другія Еўрапейскія гульні, дзе нашы спартсмэны заваявалі 69 медалёў.
Спартыўныя дасягненні нашай краіны далі нам нацыянальных герояў, пра якіх варта ведаць і памятаць. Спартсмены, якія заваявалі ўзнагароды і праславілі Рэспубліку Беларусь, заслугоўваюць асаблівай увагі. Гэта гісторыя ў асобах, гэта тыя сучаснікі, на якіх павінна раўняцца наша моладзь.

На сённяшні дзень Рэспубліка Беларусь – экспартаарыентаваная дзяржава з развітой прамысловасцю, сектарам паслуг і сельскай гаспадаркай. Краіна ўваходзіць у лік лідэраў сярод сусветных экспарцёраў грузавых аўтамабіляў, трактароў, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі. Кожны дзясяты колавы трактар, які выпускаецца сёння ў свеце, носіць імя “Беларус”. Выгаднае геаграфічнае становішча краіны стала асновай дынамічнага развіцця лагістычнай сферы. Прадукцыя з маркай «Зроблена ў Беларусі» вядомая ў 181 краіне. Можна нагадаць такія беларускія брэнды, як:
·                   машынабудаўнічыя гіганты (Белаз, МАЗ, МТЗ);
·                   інавацыйныя IT-кампаніі з сусветным імем (Парк высокіх тэхналогій);
·                   сучасныя хімічныя прадпрыемствы (Беларуськалій, Нафтан);
·                   папулярныя маркі абутку і адзення (Мілавіца, Элема, Контэ і інш.);
·                   высакаякасныя прадукты харчавання (Савушкін прадукт, Санта Брэмар, Камунарка і інш.);
·                   натуральная касметыка і парфумерыя (Беліта Вітэкс);
·                   хатні тэкстыль (Аршанскі льнокамбінат, Блакіт);
·                   ювелірныя ўпрыгажэнні (Зорка, Прамень і інш.);
·                   айчынны аўтамабіль (БелДжы).
Брэнды Беларусі карыстаюцца шырокай папулярнасцю сярод пакупнікоў з розных краін свету і займаюць высокія месцы на міжнародных выставах, конкурсах, спаборніцтвах. Адным з самых вядомых брэндаў з'яўляецца «МАЗ». «МАЗ-СПОРТаўта» стала адной з нешматлікіх каманд, экіпаж якой у поўным складзе пераадолеў самы суровы марафон на планеце. Беларускія гоншчыкі завяршылі ралі-рэйд «Дакар-2019» у першай дзясятцы самых хуткіх грузавікоў.

Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных мерапрыемстваў. На працягу многіх гадоў Рэспубліка Беларусь выступае арганізатарам розных фестываляў, займаецца ўсебаковай падтрымкай сацыякультурных праектаў, галоўная мэта якіх аб'яднаць творчых людзей з розных краін, праз мастацтва дасягнуць узаемаразумення і міру.
Адным з такіх фестываляў з'яўляецца «Славянскі базар» у Віцебску - міжнародны фестываль розных відаў мастацтва. Імкненне да духоўнага яднання народаў падкрэслівае дэвіз фестывалю "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення». Таксама стаў папулярным фестываль «Александрыя збірае сяброў» - унікальны тэматычны фестываль, аналагаў якога не існуе. Праграма фестывалю аб'ядноўвае ў сабе маштабную выставу народных дасягненняў, яркую канцэртную праграму і, вядома ж, старажытныя традыцыі, адлюстраваныя ў творчасці майстроў. Штогод фестываль наведвае вялікая колькасць людзей.
Сустракаць летнія выхадныя ў Ратушы і знаёміцца ​​з культурамі іншых краін за тры гады стала добрай традыцыяй для Беларусі. Штогод у цёплы час года ў Верхнім горадзе праходзяць Святы нацыянальных культур. У гэтыя дні можна паспрабаваць стравы розных краін, паглядзець паказы, канцэрты і наведаць тэматычныя майстар-класы.


Таксама хочацца акцэнтаваць вашу ўвагу на тое, што ў нашай краіне праводзіцца актыўная дзяржаўная падтрымка моладзі: дзейнічае спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Варта адзначыць сёння і маладзёжнае грамадскае аб'яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, якое адыгрывае вялікую ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення краіны. Актыўны ўдзел у  маладзёжным руху дае магчымасць моладзі атрымаць вопыт новых сацыяльных адносін і сацыяльнай творчасці, змяніць свой сацыяльны статус і ўзбагаціць светапогляд, праявіць сацыяльна значымую ініцыятыву.
Сёлета ў нашай краіне прайшлі маладзёжныя рэспубліканскія акцыі “100 ідэй для Беларусі”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, ”Дзякуй за Перамогу!”, “Беларусь памятае“, “Лета на карысць” і інш.;
Таксама мэтазгодна падкрэсліць уклад студатрадаўскага і валанцёрскага рухаў у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны (будаўніцтва Астравецкай АЭС, удзел валанцёрскіх атрадаў ГА “БРСМ”  “Добрае сэрца” у дабрачынных працоўных акцыях па рэканструкцыі і добраўпарадкаванні праваслаўных храмаў Беларусі ў рамках акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі” і інш.) Валанцёрскія атрады створаны ў кожнай навучальнай установе, без іх дапамогі не абыходзіцца ні адна галоўная падзея ў Беларусі.
Нельга не адзначыць той факт, што сёння пастаяннымі намаганнямі кіраўніка дзяржавы ў нашай краіне захоўваецца мір і спакой, створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця ўсіх яго грамадзян незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. І на міжнароднай арэне мы па-ранейшаму выступаем у ролі адказнага і надзейнага партнёра, які жадае ўсім народам міру і дабра.
Сёння мы бачым мірнае неба над галавой таксама і дзякуючы нашым прадзедам. У 2020 годзе наша краіна адзначае 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Зараз мы яскрава адчуваем, якое цудоўнае жыццё без вайны! Разумеем, што гэтай незалежнасці дасягнуць нам дапамаглі адважныя і мужныя салдаты нашай Айчыны. Мы павінны захоўваць  памяць аб тых, каго няма сёння з намі і хто навечна застаўся маладым.
Наша Радзіма паўстала з попелу. З кожным годам яна прыгажэе, займаючы годнае месца сярод краін свету. Наша з вамі задача – зрабіць пасільны ўклад у росвіт нашай дзяржавы.
І ад Вас, маладых, залежыць, якой яна стане ў будучым. Трэба заўжды помніць, што няма месца больш утульнага і ласкавага да сэрца чалавека, як родная зямля. Зможам мы захаваць сваю спадчыну і любіць аддана і да канца сваю Радзіму – будзем людзьмі звацца і займаць пачэсны пасад сярод іншых народаў.

Выкладчык: Паслухайце радкі верша, якімі можна падагульніць наш урок.
Мая зямля завецца Беларуссю.
Яна, як спадчына, мне ад дзядоў
Дзе б ні была, а сэрцам я гарнуся
Да ніў яе, да волатаў-дубоў.
Да траў мурожных нізенька схілюся –
Дае мне сілу родная зямля.
Дзе я ні буду – да яе вярнуся
Яна – мая, да скону – ўся мая.

Некалькі слоў яшчэ хацелася б дадаць пра жыццё моладзі ў нашым ліцэі. Вашай увазе прадстаўляецца відэаролік.

Са святам Вас!
Жадаю Вам поспехаў, здароўя, творчых дасягненняў.

Урок закончаны. Дзякуй!







Комментариев нет:

Отправить комментарий