Дадатак 3 да ўрока "Праблема кахання ў рамане І.Мележа "Людзі на балоце"
Чарнушка абняў дачку
і, квола хліпнуўшы, сказаў:
- Дай Божа табе!..
Услед за ім расчулена хліпнула мачыха, шмарганула
носам.
- Ідзі, чакаюць!..
Ледзь яны ўвайшлі ў хату, Сарока ўскочыла,
закруцілася, засакатала:
- А, прыйшла гуска! Даждаўся гусачок малады - час
залаты! Круціў галоўкай, гусачку выглядаў, баяцца пачаў - няма і няма! А яна
от, паявілася - хата засвяцілася!
- Не ждалі, - сказала мачыха. - Ганначка акурат буракі
брала...
Сарока абышла, абгледзела, абмацала вочкамі Ганну з
усіх бакоў, падалася к сталу, за якім сядзелі Яўхім, стары Глушак і чорны,
зарослы, як лясун, Пракоп.
- Не ждалі, значыць? Не зналі, не гадалі, з якога боку
гусачок прыйдзе па гуску-дружку! З якога боку прыплыве шчасце-багацце! А яно от
- не з-за поля далёкаго, не з-за лесу высокаго, са свайго сяла. Прыйшоў малады
хлапец - добры купец!..
Сарока, сыплючы словамі, страляла вочкамі то на
аднаго, то на другога, а найчасцей на старога Глушака, як бы чакала ўхвалы
свайму красамоўству, свайму спрыту. Але Глушак, здавалася, не чуў і не бачыў яе
- маўклівы, затоены, стары Корч праз акуляры з вяровачкай, зачэпленай за вуха
замест дужкі, важка разглядваў Ганну.
Ганне ад яго ўпартага, незразумелага позірку было
няёмка.
- Ваш тавар, наш купец! - прабурчаў Пракоп, абводзячы
панурымі вачыма з-пад чорна навіслых броў пірог і пляшку, якія ўжо былі на
стале.
- Купец - усім купцам купец! Сам малады, чуб залаты,
дабра поўныя клеці - лепшы на ўсім свеце.
- Купца не ганім, - сказаў бацька. - Толькі - дзеўка
гадамі шчэ не ў пары!.. Пагуляць бы шчэ трэба!..
- Э, што з той гульбы!.. Ад гульбы конь псуецца, так і
дзеўка!..
- Семнаццаць гадкоў усяго!..
- Самы час, самы лепшы квас! А то - пераспее, закісне,
стане ўсім ненавісна! Стане, як тая макуха, - будзе векавуха! Шкадаваць будзе -
бацьку, матку клясці, што не далі замуж пайсці! Жаніх бо які: што ўродай, што
славай, што красой, што справай!..
- Наша таксама - дзякуй Богу! - уступіўся за Ганну
бацька.
- І старанная, і разумная, і слухмяная, - адразу
падтрымала. яго мачыха. - І з твару - другую такую пашукаць! Хай хоць хто
скажа: нічым не абдзяліў Божа!
- А Яўхім - хіба, сказаць, не першы хлопец на ўсе
Курані? І да ўсяго - дастатак! Пойдзе каторая - не нахваліцца на долю, і
паесць, і пап'е ўволю!
- Наша, канешне, не багатая... - адгукнуўся быў
бацька, але мачыха не дала яму дагаварыць, кінулася сама ў наступ:
- Небагатая, затое - з рукамі! Лішнім ротам не будзе!
Як каторая з поўнай скрыняй! І зварыць, і спячэ, і сарочку чалавеку пашые! І
свінча, і дзіця дагледзіць! Вішчаць ад голаду не будуць!..
- Дай Бог, бо ў нашага купца - дабра без канца! І
свінні, і парасяты, і авечкі, і ягняты, і гумно, і клець - абы паспець!..
- Чаго тут мянціць попусту! - уступіў стары Глушак,
нецярпліва, скрыпуча. - Знаем усё, і мы, і яны, - не далёкія... Адным словам -
пірог бярэце?
Стары павёў акулярамі на мачыху, на бацьку, Ганны не
запытаўся.
Мачыха памаўчала для прыліку трохі, як бы разважаючы.
- Ды мы што ж?.. Мы не супроціў, калі
яно ўжэ на тое... Ганначко, пакланіся ўжэ сватам, вазьмі пірага...
Комментариев нет:
Отправить комментарий