понедельник, 27 августа 2018 г.

Адкрыты ўрок


Урок № 32
Тэма: Праблема кахання ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце”



Мэты:
   адукацыйная:фарміраванне ў навучэнцаў уменняў вызначаць элементы сюжэта твора, важныя для характарыстыкі галоўных герояў, параўноўваць герояў, характарызаваць іх на падставе патрэта, дзеянняў, учынкаў; раскрыць праблемы, звязаныя з каханнем у жыцці Васіля, Ганны, Яўхіма; удасканальваць уменні і навыкі аналізу мастацкага твора; 
    развіццёвая: стварыць умовы для развіцця вобразнага мыслення, творчых здольнасцей навучэнцаў; садзейнічаць развіццю ўмення выказваць і абгрунтоўваць сваю думку; спрыяць развіццю моўнай культуры навучэнцаў;
    выхаваўчая: стварыць умовы для фарміравання гендэрнай культуры навучэнцаў, спрыяць фарміраванню ў падлеткаў культуры інтымных пачуццяў, адчування чысціні, гармоніі, прыгажосці першага кахання; выклікаць навучэнцаў на роздум пра складанасць жыцця, акцэнтаваць увагу на адказнасць за кожны важны жыццёвы ўчынак.
    метадычная: актывізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на аснове выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання.
    Міжпрадметныя сувязі: гісторыя Беларусі, кінамастацтва, музыка.
    Элементы ВМК: прэзентацыя, тэлевізар, партрэт І. Мележа, фотаздымкі галоўных герояў з кінафільма “Людзі на балоце” (Васіль, Ганна, Яўхім, Хадоська), выстава кніг, вершы Я.Янішчыц “Ты пакліч мяне, пазаві” і М. Шабовіча “Нас цяпер аніхто не разлучыць”, тэкст рамана “Людзі на балоце”, эпіграфы, лісты з выказваннямі Я.Брыля, А.Адамовіча, Я.Казекі, А.Куляшова, І.Мележа пра Ганну Чарнушку,запіс песні “Явар і каліна” на словы Янкі Купалы, рэфлексійная карта “Разбітае сэрца”, стыкеры.
    Эпіграфы:
                                                                             Пачынаецца ўсё з любві. … 
 На свеце без кахання жыцця няма -               А інакш і жыць немагчыма. 
 ёсць толькі існаванне.                                                                                       Яўгенія Янішчыц.                                             Анатоль Грачанікаў.

Падрыхтоўка да ўрока: індывідуальныя паведамленні: 
а) “Каханне, з пункту погляду псіхолага, – гэта … ”; 
б) “Каханне, з пункту погляду філолага, – гэта … ”; 
в)“Каханне, з пункту погляду паэта, – гэта …”;

Ход урока
1. Арганізацыйны момант
2. Вызначэнне тэмы і мэты ўрока
     Гучыць лірычная мелодыя, навучэнка пачынае чытаць на памяць верш Я. Янішчыц “Ты пакліч мяне, пазаві”. Яна са свайго месца ідзе да дошкі, потым падыходзіць да вучня, які, як бы у адказ ёй, пачынае чытаць на памяць верш М. Шабовіча “Нас цяпер аніхто не разлучыць”.
- Якая тэма гучыць у гэтых вершах? (Гэта вершы пра каханне.)
- Сёння на ўроку мы будзем гаварыць менавіта пра каханне. Мележаўскія героі – вашы аднагодкі, іх радасці, перажыванні, праблемы вельмі блізкія і зразумелыя вам, і з жыцця гэтых герояў можна і патрэбна ўзяць урокі, якія, магчыма, спатрэбяцца вам у жыцці. Тэма нашага сённяшняга ўрока - Праблема кахання ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце”.
     Мэта нашага ўрока: завяршыць назіранні над вобразамі галоўных герояў, разгледзець праблемы кахання і асабістага шчасця ў жыцці. Наша задача сёння не толькі раскрыць і ўсвядоміць тэму, але і ўбачыць актуальнасць рамана і надзённасць маральна-этычных праблем, якія вырашаюцца ў ім, зрабіць для сябе вывады.
     Адкрыйце сшыткі і запішыце, калі ласка, дату, тэму ўрока і эпіграф, выберыце той, які вам найбольш падабаецца. Словы Яўгеніі Янішчыц ці выказванне Анатоля Грачанікава.
     Пачынаем працу.
     3. Асэнсаванне тэмы ўрока:
     Выкладчык: Пачуццё кахання як універсальная з’ява асабістага жыцця кожнага чалавека, асабліва свежае і непаўторнае, хвалюючае і драматычнае ў самым пачатку свайго ўзнікнення, цікавіла і натхняла такіх пісьменнікаў, як Шэкспір (“Рамэа і Джульета”), Гётэ (“Пакуты маладога Вертэра”), Пушкіна (“Яўгеній Анегін”), Дастаеўскага (“Белыя ночы”), Тургенева (“Першае каханне”), Купалу (“Яна і я”), Коласа (“На ростанях”) … Наўрад ці можна знайсці ў сусветнай літаратуры пісьменніка або паэта, які б не звяртаўся да гэтай вечнай тэмы. 
    Дык што ж такое каханне? Давайце звернемся да тых навучэнцаў, якія падрыхтавалі індывідуальныя паведамленні да гэтага ўрока. Як тлумачаць значэнне гэтага слова псіхолагі, філолагі і паэты.
     4. Індывідуальныя паведамленні вучняў. (Кароткі змест выказванняў з індывідуальных паведамленняў:
     а) Псіхолагі сцвярджаюць, што каханне – псіхалагічны стан, пачуццё, звязанае з вышэйшай нервовай дзейнасцю чалавека ці жывога арганізма. Каханне – гэта такія адносіны да другой асобы, пры якіх узнікае жаданне быць лепшым, чым ты ёсць. Каханне трэба адрозніваць як ад дружалюбных, сяброўскіх адносін, так і ад страсці (маніі) – сляпой, моцнай, нястрымнай цягі, гарачнасці ў адносінах да каго-небудзь. Каханне – вышэйшае духоўнае пачуццё, багатае на разнастайныя эмацыянальныя перажыванні, заснаваныя на высакародных пачуццях і высокай маралі. Каханне суправаджаецца гатоўнасцю зрабіць усё дзеля каханай ці каханага.
     б) Філолагі ў тлумачальным слоўніку даюць вельмі лаканічны адказ: “Каханне – вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы
     в) Паэты сцвярджаюць, што каханне – гэта пачуццё да чалавека, у якім увасоблены твой ідэал. Закаханы бачыць у гэтым свеце куды больш прыгажосці, чым той, хто не кахае. З’яўляецца асаблівая эстэтыка кахання. Шэры плашч будзённасці спадае са звычайных прадметаў, адкрывае іх схаваную прыгажосць. Каханне – самае загадкавае пачуццё, і нездарма адным з яго сімвалаў стаў Месяц з яго зменлівасцю, убываннем і прыбываннем, з яго адваротным бокам, схаваным ад нашага погляду. Схаваны бок кахання пакрысе памяншаецца, людзі ўсё бліжэй падыходзяць да яго глыбінных таямніц. Але свет кахання невычэрпны, бо кожны кахае па-свойму.
     5. Даследаванне праблемы
     Выкладчык: Каб вызначыць, як раскрываецца праблема кахання ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце”, звернемся да вобразаў галоўных герояў. Аналізуючы ключавыя, вызначальныя сцэны рамана, мы павінны разабрацца ў прычынах чалавечай драмы маладых людзей. 
     - Якімі, на вашу думку, былі яны, галоўныя героі – Васіль і Ганна?
     Давайце паразважаем.
     Ганна… Якая яна?(урывак з тэксту)
   Ганна падобна на кветку шыпшыны. Прыгожая з аднаго боку, калючая – з другога. Гэта прыцягвала да яе куранёўскіх хлопцаў, за гэта кахалі яе Васіль і Яўхім, але гэта і зрабіла яе няшчаснай.
…Хлопцы і гарнуліся да яе і нібы пабойваліся. Акрамя таго, што стрымлівалі Ганніна задзірыстасць і ганарлівасць, ім помнілася, што не лішне асцерагацца і яе язычка. Ведалі яшчэ і тое, што Ганну не дай Бог увесці ў гнеў: тады яна ўмомант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё. Загарыцца адным. Гарачая, нястрымная,небяспечная яна, ганарліўка Ганна!..
     А Васіль?
    Вaciль paнa acipaцeў i ўжo ў пaдлeткaвым yзpocцe ўзяў нa cябe клoпaт i aдкaзнacць зa ўcю cям'ю, yзвaлiў тaкyю нoшy, якyю нe кoжны мyжчынa aдyжae. Ён жa цяpплiвa нёc cвoй кpыж, цвёpдa зacвoiўшы гaлoўны ўpoк жыцця: цяpпi, тpывaй, xoчaш пpыcecцi aд cтoмы — iдзi, a пpыceў— ycтaнь i iдзi! У яго розныя вочы: “аднo, як вaдa cвeтлae, дpyгoe, як жaлyдoк", што гаворыць аб супярэчлівасці яго характару.
    Пытанні для абмеркавання:
1. Як зараджаецца каханне Васіля і Ганны
2. Чаму Ганна з усіх хлопцаў вёскі выбірае менавіта Васіля?
3. З чым параўновае іх каханне аўтар? (З вугольчыкамі, якія трымае ў сваіх далонях Васіль.)
4. Хто вінаваты (Васіль ці Ганна), што дарогі іх разышліся? (Абодва, таму што няма ў каханні пераможцы. Калі б Васіль і Ганна з двух бакоў падзьмулі на агеньчык, то разгарэўся б ён моцным, яркім полымем. Але ж яны не зрабілі гэтага, і тыя вугольчыкі кахання, якія засталіся, паступова патухлі.)
5. А ці кахалі яны адзін аднаго? Дакажыце.
     Навучэнцы прыводзяць доказы, зачытваюць:
     а) прастойваюць ночы напралёт пад старой грушай; б) Ганна з Васілём ласкавая, зусім не калючая, стрымлівае свой “язычок”; в) хвалюецца, калі ён трапляе да бандытаў, сядзіць у турме; г) Васіль, седзячы ў турме, думкамі з Ганнай; д) балючая рэўнасць да Яўхіма; е) на сходзе, калі абмяркоўваюць падаткі, уваходзіць Ганна, і ўсе думкі Васіля з такога важнага для яго пытання пераключаюцца на дзяўчыну.
     6. Што паслужыла апошняй кропляй разрыву паміж Васілём і Ганнай? (Чуткі, што Яўхім згвалтаваў Ганну.)
     7. Чаму ж Васіль так упэўнены, што Ганна была з Яўхімам? (Бо Яўхім багаты, з зямлёй, і любая пайшла б з ім, калі б ён пазваў, паманіў бы пальцам, а чым Ганна адрозніваецца ад іншых дзяўчат?)
     8. Чаму Ганна не апраўдваецца перад каханым, а, наадварот, на зло Васілю гаворыць, што сама, па сваёй ахвоце была з Яўхімам? (Крыўда вельмі моцная, што любы верыць чуткам, чужым людзям, а не ёй; жаночая гордасць; жаданне зрабіць і яму так балюча, як ён робіць ёй.)
     9. Чаму Васіль не змагаецца за каханне, здаецца, саступае? (Для Васіля зямля, дабрабыт стаяць на першым месцы. І ён верыць, што Яўхім ссільнічаў Ганну і яна яму паддалася, таму што не магла адмовіць багатаму, бо здаўна лічылася шчасцем выйсці замуж за багатага, ажаніцца з багатай. Па-другое, ён і сам бы хацеў узяць не Ганну, а багацейшую дзяўчыну, з большым пасагам.)
     10. Ці можна сказаць, што Васіль не вельмі ўпэўнены ў сабе, таму і не змагаецца за Ганну? (Не. Ён не ўпэўнены ў тым, ці патрэбна яно яму гэта каханне. Бо за зямлю ён змагаецца вельмі ўпарта. І зямля перавешвае каханне, перамагае яго.)
     11. Чаму Ганна з яе характарам не змагаецца за каханне?
     У гэты час да яе пачынае “набівацца” у жаніхі Яўхім Глушак.
    12. Што мы можам сказаць пра Яўхіма? Кахае ён Ганну ці не? (Гэта першы хлопец на вёсцы. Ганну ён не кахае, але ўсё роўна супраць волі бацькі засылае да Ганны сватоў).
  - давайце паглядзім фрагмент з фільма. (прагляд відэафрагмента)
     6.Інсцэніроўка “Заручыны Ганны”.
- А для таго, каб даведацца, што адбывалася далей ў хаце Чарнушкаў, давайце паглядзім інсцэніроўку “Заручыны Ганны”.
     13. Ці кахае Ганна Яўхіма? (не)
     14. Калі ж кахання няма, чаму яна выходзіць замуж за Яўхіма? (Крыўда на Васіля, угаворы мачыхі, беднасць, “сцерпіцца – злюбіцца”, уплыў Карчоў, на зло Васілю, каб зрабіць яму балюча і г.д.)
     15. Чаму Яўхім бярэ замуж Ганну – “зрэбную каралеву”? Ці кахае ён яе? (Не. Яўхім быў першы хлопец на вёсцы, ён прывык, што ўсе дзяўчаты сохнуць па ім, што ўсё самае лепшае павінна належыць яму: фарсіста апрануты, у ботах, адзіных на ўсе Карані, у крамнай вопратцы, ён хоча займець як ўпрыгожанне і першую вясковую красуню. Перад вяселлем ён робіць ёй падарунак, але шчырасці ў гэтым няма: ён траціць грошы і пры гэтым гаворыць, што яны вернуцца да яго).
16. Як вы расцэньваеце ўчынак Ганны?
17. Як пакарала сябе Ганна?
18. Як пакараў сябе Васіль?
19. Які вывад можна зрабіць для сябе?
20. Ці магчыма шчасце без кахання?
     7. Вынік даследавання (формулы шчасця)
Выкладчык. Давайце выведзем формулы шчасця:
Васілёва шчасце = … (зямля, гаспадарка, багацце, Ганна і г.д.)
Ганніна шчасце = … (Васіль, каханне,дзеці, гаспадарка, багацце і г.д.)
Яўхімава шчасце = … (багацце, самалюбаванне, зямля, гаспадарка, дзяўчатыі г.д.).
- А для вас з чаго складаецца формула шчасця? Што з’яўляецца шчасцем на сённяшні дзень для сучаснай моладзі?
Формула шчасця = … (няма агульнай формулы, кожны чалавек на працягу жыцця яе складае сам.)
     8. Рэфлексія
   Выкладчык. Даўным-даўно людзі былі падобныя да страшэнных пачвар: мужчына і жанчына былі адзіным цэлым. Але дзве палавінкі ніяк не ўжываліся адна з адной. Таму, раззлаваўшыся, Бог раздзяліў іх. З таго часу кожны імкнецца знайсці сваю палавінку, і, каму гэта ўдасца, той зведае сапраўднае шчасце. Я хачу, каб кожны з вас знайшоў сваю палавінку, зведаў сапраўднае каханне, бо гэта вялікае шчасце – кахаць і быць каханым!
     Вазьміце стыкеры-сэрцы, напішыце свае пажаданні. Давайце разам “вылечым” наша разбітае сэрца. Пачынайце словамі: “Я хачу…” (гучыць мелодыя песні “Явар і каліна”, навучэнцы пішуць пажаданні (адзін сказ), выходзяць, чытаюць іх і клеяць стыкеры, дапаўняючы другую палову разбітага сэрца.)
ü Я хачу, каб каханне прыносіла толькі радасць
ü Я хачу, каб каханне не было сляпым
ü Я хачу, каб кожны з нас сустрэў сваю палавінку
ü Я хачу, каб каханне было без падману
ü Я хачу, каб каханне было светам
ü Я хачу, каб каханне не прыносіла болю
ü Каханне – гэта багацце. Беражыце яго!
     7. Падвядзенне вынікаў. Адзнакі за ўрок.
    8. Дамашняе заданне
    Падабраць эпітэты і азначэнні да слова каханне – якое яно? (напрыклад ахвярнае, бурлівае, адчайнае, адбалелае, вечнае, высакароднае, горкае, маўклівае, журботнае, безнадзейнае, самотнае, палкае, гарачае, неўміручае, доўгачаканае, невычэрпнае, гордае, кранальнае, летуценнае, моцнае, неазмрочанае, нерастрачанае, нябеснае, нясцерпнае, прыгожае, пяшчотнае, радаснае, светлае, таемнае, тайнае, усёпаглынальнае, чыстае, шчаслівае, шчырае, безнадзейнае, бязрадаснае, горкае, грэшнае, журботнае, маўклівае, непадзельнае, нярадаснае, няшчаснае, пакутнае, пякельнае, раўнівае, сарамлівае, саромнае, утрапёнае, хваравітае, ціхае, сляпое…

Выкладчык. Пакладзіце на адну далонь сваю працавітасць, на другую – удзячнасць выкладчыка. Усё злучыце (навучэнцы злучаюць далоні) і замацуйце (навучэнцы апладзіруюць).

Выкладчык Факадзей Т.С.

Комментариев нет:

Отправить комментарий