вторник, 29 августа 2017 г.

Беларусь - мая Айчына

План першага ўрока
“Беларусь –мая Айчына!” (1 верасня 2017 г.)

Мэты ўрока:
- Паглыбіць веды вучняў аб сваёй Радзіме – Рэспубліцы Беларусь;
- Выхоўваць пачуццё глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый беларускага народа;
- Выхоўваць грамадзяніна-патрыёта, маючага ідэі дабра і справядлівасці, здольнага працаваць на карысць Айчыны;
- Выхоўваць павагу да Дзяржаўнай сімволікі і гераічнага мінулага народа;
- Фарміраваць маральныя якасці навучэнцаў праз разуменне грамадзянскага абавязка і неабходнасці свайго ўдзелу ў эканамічных, сацыяльна-культурных працэсах, якія адбываюцца ў дзяржаве;
  
Ход урока
Гучыць фанаграма “Мой родны кут” у выкананні ансамбля “Песняры”.
Выкладчык: Добры дзень, паважаныя навучэнцы, бацькі і госці нашага ліцэя. Сёння – свята ведаў, якое по традыцыі адкрывае для Вас пачатак навучальнага года. Наш першы ўрок называецца “ Беларусь-мая Айчына!».
Радзімачка-Радзіма!
Радзімая Зямля,
Мяне ты нарадзіла,
У дарогу правяла!
Сатканы луг з рамонкаў
Мне сніўся па начах,
А ты бярозкай тонкай
Стаяла ў вачах…
Ты бачылася ў росах,
У птушцы трапяткой,
У воблачках бялёсых,
У сцежачцы крутой…
Радзімачка-Радзіма!
Куточак родны мой!
Паўсвету я схадзіла,
Ды не найшла такой!
Выкладчык.  Мая краіна, мая Бацькаўшчына, - усяго чатыры словы, але ж, якая моц гучыць у іх, колькі пяшчоты, колькі гонару маюць яны! Наша вечна маладая, пастаянна квітнеючая і такая старажытная беларуская зямля. Наш родны кут… А ці задумваліся вы над выразам ”Родны кут”? Які сэнс маюць гэтыя словы для кожнага з Вас? Задумайцеся.
 Родны кут – што гэта? Ніхто дасканала растлумачыць не можа. Для адных гэта месца, дзе нарадзіўся, для іншых – гэта родная дзяржава, а для некаторых – проста спалучэнне слоў, бо яны не задумваліся над гэтымі словамі.
 Так, нялёгка знайсці адназначны адказ на такое пытанне. Той, хто шмат вандраваў за межамі нашай краіны, амаль заўсёды скажа: “У гасцях добра, а дома лепш!” Дзе б Вы не былі, чаго б толькі не бачылі, але ж заўсёды душа цягнецца да роднай зямлі, роднай хаты. Ці бачылі вы дзе больш прыгожыя палі, лясы, больш шырокую прастору рэк і азёр, ці чулі больш мілагучны спеў салаўя? Ды ніколі і нідзе не ўбачыце, не пачуеце такога!
Я лічу, што словы Я.Коласа з паэмы “Новая зямля” дапамагаюць нам лепш уразумець сэнс слоў “Родны кут”:
Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы.
Не раз утомлены дарогай,
Жыццём вясны маёй убогай
К  табе ў думках залятаю,
І там душою спачываю.
Сапраўды, прыроду, прыгажэйшую за беларускую, цяжка знайсці!
Мы можам ганарыцца прыгажосцю сінявокай краіны сваёй. Але, кажучы пра прыгажосць прыроды, трэба сказаць і пра сакавітасць, мілагучнасць нашай беларускай мовы. Яно і не  кепска ведаць суседскую мову, але найперш трэба ведаць сваю. Так, кожная мова мае нешта цікавае, але той мілагучнасці, якая ёсць у мове роднага краю, нідзе не пачуеце.
І нездарма М.Танк такія словы напісаў пра нашу мову.
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, з шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,-
Ты выткана, дзіўная родная мова.
 Шчырыя, прыгожа напісаныя словы – душу кранаюць.
Шануюць традыцыі ў нас на Беларусі, бо традыцыйная культура беларусаў мае глыбокія карані. Вось гаворым: “Традыцыі, побыт, культура”. А з чаго гэта ўсё бярэцца? З гісторыі. Былі ў нашай гісторыі і ўздымы і заняпады. Але ж мы дасягнулі пэўнай мэты. Мы шануем нашу гісторыю, яна не заняпала. І  маем права ганарыцца, бо мы не забыліся сваёй гісторыі. Той, хто не памятае яе – здраднік і не мае будучага. Мы  маем гістарычную спадчыну і ганаровае званне     “ беларусы”.
А “Родны кут” – гэта нешта запаветнае, дарагое і блізкае для кожнага чалавека.
 Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, птушыны звон, гэта бясконцыя жылы рэк і люстэркі азёр, а таксама любоў да маці, павага да мовы, захаванне традыцый, гэта маральны і духоўны скарб народа, які ні ў якім разе нельга страціць.
 Мы можам знаходзіцца ў любой з краін свету, але ў нашым сэрцы заўсёды будзе жыць Беларусь – наш РОДНЫ КУТ.
Ёсць на свеце шмат краін цудоўных
Ёсць на свеце шмат незгасных зор.
Беларусь, сярод краін цудоўных
Ты раўня красе высокіх гор…

Жывём з братамі ў дружбе добрай,
 У працы, як у дні атак.
На землі іншыя падобна
І не падобная аднак:

Сваім Паддзвіннем і Палессем,
І Белавежаю старой,
Сваёй “Лявоніхаю” песняй,
Што ходзіць над усёй зямлёй.

Сваёй усмешлівай гаворкай
І памяццю сіроцкіх слёз,
Нязгаснаю Хатынню горкай,
Журбою ціхай трох бяроз.

І Брэсцкай крэпасцю, і Мінскам…
Ну, а калі сказаць прасцей –
Гарачай бульбай, поўнай міскай
Мачанкі для сваіх гасцей!

Выкладчык: Беларуская зямля – захавальніца помніку культуры народа, які тут жыве. Са старажытнасці прыйшлі да нас Сафійскі сабор у Полацку,  Стары замак у Гродне, Троіцкае прадмесце ў Мінску, Брэсцкая крэпасць…Усе гэтыя назвы вам вядомыя.
Сёння кожны белрус ганарыцца духоўнай спадчынай нашых продкаў. Пра  ўраджэнцаў Беларусі, якія ўнеслі ўклад у  сусветную культуру, мне хочацца яшчэ раз Вам напомніць.
Ефрасіння Полацкая – гэта беларуская асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку. Першая жанчына на Русі, кананізаваная праваслаўнай царквой. Імя Ефрасінні Полацкай займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай старажытнай гісторыі. Яна заснавала жаночы манастыр, які стаў астветніцкім цэнтрам не толькі на беларускіх землях. Кнігі, што перапісваліся ў гэтым манастыры, былі вядомыя і ў Ноўгарадзе, і ў Кіеве. Па загадзе Ефрасінні была пабудавана Спаса-Ефрасіннеўская царква, што ўпрыгожыла Полацк, а таксама некалькі храмаў. Яе дзейнасць пакінула след не только ў гісторыі, але і ў душы беларускага народа, народа, адвеку звязаннага з кнігай, народа, што з тых далёкіх часоў пракладваў ва ўсходнеславянскіх землях шляхі асветніцтва і адукацыі.
У Полацку жыў і славуты майстар-ювелір Лазар Богша, які  па загадзе Ефрасінні зрабіў знакаміты шасціканцовы крыж.

З дзяцінства ведаем імя
Францыска мы Скарыны –
Выдатнага пісьменніка і друкара,
Вучонага, асветніка Радзімы.
Вялікі дзеяч, гуманіст
Усёй душой імкнуўся да народа,
Гатовы быў ахвяраваць сабой
Дзеля яго шчасця і свабоды.
З маленства ведаем, што ён
Адданым быў сваёй Рдзіме.
Не хвалявалі яго ні багацці,
Ні пасады на чужыне.

Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую пакінулі сваім нашчадкам. Наш славуты зямляк Францішак Скарына – найярчэйшы прыклад таму.
Ён з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Рэнесансу. Гэты час называюць Адраджэннем, бо менавіта тады адраджаліся цэлыя народы і нацыянальныя культуры. Першадрукар хацеў пашырыць асвету сярод суайчыннікаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць і навуку.
Сярод выдатных людзей беларускай зямлі нельга не ўспомніць і пра Сімяона Полацкага, які адыграў вельмі важную ролю ў гісторыі.
Беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, грамадскі і царкоўны дзеяч, ён стаў адным з пачынальнікаў паэзіі. Ён пісаў на лацінскай, польскай, беларускай мовах. У шматжанравай літаратурнай спадчыне Сімяона Полацкага ёсць нямала твораў, дзе разглядаюцца ідэйна-філасофскія і эстэтычныя праблемы мастацтва – літаратуры, музыкі, жывапісу.
Можна назваць імёны многіх і многіх, але наш урок не такі доўгі.
Беларускі народ – высокаінтэлектуальная, таленавітая і духоўная нацыя. За апошнія гады свет больш даведаўся пра Беларусь і беларусаў дзякуючы палітыцы па інтэграцыі нашай дзяржавы ў сусветную палітычную і эканамічную сістэму, дасягненням у галіне выкарыстання навукаёмістых тэхналогій, перамогам на спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах. Эфектыўныя дзяржаўныя інстытуты, кампетэнтныя, прафесійна падрыхтаваныя кадры, высокі ўзровень навукі і вытворчасці – гэта тыя складальнікі, якія здольныя забяспечыць дынамічны прарыў і развіцце нашай краіны.
Асаблівыя спадзяванні сёння ўскладзены на маладых грамадзян краіны. За імі будучыня Беларусі. Моладзь сёння – самая актыўная частка грамадства са сваім светапоглядам, імкненнем зрабіць свет лепшым. Усё добрае, што робіць чалавек, ён робіць у імя будучыні, а менавіта ж моладзі належыць заўтрашні дзень, ёй трэба будзе прымнажаць эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял Беларусі, захоўваць унікальную гісторыка-культурную спадчыну, клапаціцца аб працвітанні краіны. Таленавітыя маладыя кадры – найвялікшы здабытак Беларусі, і краіна па праве ганарыцца поспехамі сваёй моладзі і стварае ўсе ўмовы для развіцця здольнасцей і талентаў маладых грамадзян.
Беларусь славіцва не толькі дасягненнямі ў галіне навукі і культуры. Немагчыма пакінучь без увагі прыроднае багацце нашай краіны. Белаусь – край лясоў, лугоў, азёр. Нездарма нашу краіну называюць сінявокай.
Выкладчык. А цяпер надышоў час пагаварыць пра сталіцу нашай краіны, пра квітнеючы Мінск.

Алесь Бачыла. Самы лешы горад
 Шмат на свеце гарадоў
Вельмі знакамітых,
Толькі Мінск заўжды дамоў
Цягне, як магнітам.

Калі праўду гаварыць
Вам, сябрам і блізкім,
Дык нідзе не можа быць
Лепей, чым у Мінску.

Як палацы, тут дамы,
Сонца у вокнах ззяе, -
Ні на які горад мы
Мінск не прамяням.

Кожны парк, нібы той гай,
І ў такім убранні,
Хоць дзяўчаткам прызначай
Кожны дзень спатканні.

Людзі кажуць нездарма –
Верце іх прымеце, -
Што найлепшага няма
Горада на свеце.
Цудоўныя радкі… Сапраўды, Стрэлкі гісторыі адлічваюць Мінску дзясятае стагоддзе. Ён старэйшы за Берлін, Маскву, Стакгольм. Выгляд Мінска юны, але адсутнасць слядоў даўніны – вынік лёсу горада, які знаходзіцца на перакрыжаванні ваенных і гандлёвых дарог. Не адзін раз наканавана  было Мінску прымаць першыя ўдары з захаду і ўсходу, гарэць, разбурцца і зноў паўставаць з папялішчаў. І кожны раз наш Мінск адраджаўся. Сталіца Беларусі Мінск – гэта культурны, эканамічны, палітычны цэнтр краіны.
Нельга не ўспомніць сёння і пра наш любімы горад Пінск – старажытны беларускі горад, які знаходзіцца на сутоках рэчак Піна і Прыпяць. Лічыцца, што горад атрымаў сваю назву ад ракі Піна. Назва ракі мае славянскую аснову «пін», якая азначае «прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць». Першы пісьмовы ўспамін пра Пінск (Пінеск) змяшчаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» і датуецца 1097 годам. Сёння Пінск адзначае сваё 920-годдзе.
Кожны народ мае свае святыні, якімі ганарыцца і якія паважаюць новыя пакаленні. Для нас, беларусаў, безумоўна святыняй з’яўляецца памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Тут і смутак аб загінуўшых, і гонар за гераічныя ратныя подзвігі тысяч нашых суайчыннікаў, якія ўнеслі неаплатны ўклад у Вялікую Перамогу, і разуменне справядлівасці той справы, за якую ваявалі нашы бацькі і дзяды.
         Вялікая Айчынная вайна з’явілася не толькі найвялікшай трагедыяй для Беларусі, але і суровым выпрабаваннем духоўных сіл народа. У цяжкі час беларускія людзі прадэманстравалі свае лепшыя чалавечыя якасці – вартасць і высакароднасць, гатоўнасць самааддана абараняць родную зямлю ад германскіх агрэсараў. Пераадольваючы велізарныя цяжкасці ў пачатковы перыяд вайны беларускі народ і яго лідэры змаглі захаваць маральнае адзінства людзей, веру ў немінуючы разгром ворага і вызваленне краіны ад іншаземных захопнікаў. Гэта дазволіла ў кароткі тэрмін разгарнуць на акупіраванай тэрыторыі Беларусі магутнае антыгерманскае супраціўленне, якое мела небывалы ў гісторыі размах і выніковасць. Сёння важна падкрэсліць, што менавіта на захопленай беларускай зямлі тры гады дзейнічала антыгерманскае супраціўленне, роўнага якому не было ў краінах Еўропы. Яно ўяўляла сабой узброеную барацьбу партызан і падпольшчыкаў, падтрымку насельніцтва.
Наша Радзіма паўстала з попелу. З кожным годам яна прыгажэе, займаючы годнае месца сярод краін свету. Наша з вамі задача – зрабіць пасільны ўклад у росвіт нашай дзяржавы.
І ад Вас, маладых, залежыць, якой яна стане ў будучым. Трэба заўжды помніць, што няма месца больш утульнага і ласкавага да сэрца чалавека, як родная зямля. Зможам мы захаваць сваю спадчыну і любіць аддана і да канцу сваю Радзіму – будзем людзьмі звацца і займаць пачэсны пасад сярод іншых народаў.
Выкладчык: Беларусь – маладая дзяржава, але яна незалежная, самастойная дзяржава.“Сiмваламi Рэспублiкi Беларусь з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб i Дзяржаўны гiмн”. (Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 19)
Беларусь….. Дзяржава ў цэнтры Еўропы, якая размяшчаецца на пэўнай тэрыторыi, мяжуе з  Расiяй, Украiнай, Лiтвой, Латвiяй. Беларусь мае дзяржаўны герб, сцяг, гiмн.
 Дзяржаўны герб Рэспублiкi Беларусь. У iм кожная дэталь мае важнае значэнне i  дае зрокавыя, наглядныя i ў той жа час важныя звесткi пра нашу краiну, пра народ.
Першае, на што зверне ўвагу кожны, - гэта зялёны контур тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, як яна адлюстравана на геаграфiчнай карце. Зялёны контур – у залатых промнях узыходзячага Сонца.
Гэта сiмволiка зразумелая кожнаму.: Усе свае думкi грамадзяне скiроўваюць да Айчыны. Беларусь- гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй мы не аддадзiм нi пядзi! Мы захаваем яе ў тых межах, у якiх яна нам перададзена папярэднiмi пакаленнямi.
Контур краiны знаходзiцца ў сярэдзiне герба, утворанага вянком з залатых каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымi кветкамi канюшыны, з другога – блакiтнымi кветкамi ільну. Вянок, звiты з каласоў жыта, са старадаўнiх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсiх славянскiх народаў.
Мы, беларусы, адносiмся да славян – адной з буйнейшых у Еўропе этнiчных груп. Славяне верылi, што пучок або сноп хлебных каласоў – лепшы спосаб звароту да Божых сiл з просьбай аб пасланнi цi дараваннi новага ўраджаю i працвiтання.
Канюшына – гэта сiмвал сувязi чалавека з жывёламi: перш за ўсё з канём, для якога яна – лепшы корм. У даўнiя часы конь выкарыстоўваўся ў баi. Каня запрагалi для ворыва i перавозкi грузаў.
Лён – гэта цудоўны матэрыял для адзення. Здаўна з iльну выраблялiся прыгожыя i трывалыя тканiны. Лён – сiмвал стваральнай працы, знак дабра i дастатку. Нiжэй контуру гранiц Рэспублiкi Беларусь змешчаны зямны шар з узыходзячым над iм сонцам i залатымi промнямi.
Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспублiка Беларусь успрымае ўсе народы зямлi як раўнапраўных сяброў i партнёраў, гатова з iмi сябраваць i гандляваць, абменьвацца ведамi i сваiмi таварамi.
Яднанне Зямлi i Сонца – галоўны знак жыцця.
Пяцiканцовая зорка – сiмвал мужнасцi i высокiх памкненняў.
Каласы герба абвiты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знiзу ёсць надпiс залацiстага колеру –  «Рэспублiка Беларусь».
Такiм чынам, Дзяржаўны герб нашай краiны – гэта своеасаблiвая кнiга пра беларускi народ.
Дзяржаўны сцяг – адзiн з сiмвалаў нашай дзяржавы. Кожны грамадзянiн павiнен асэнсавана шанаваць сцяг, ганарыцца сваiм народам i яго слаўнай гiсторыяй. Звычайна гавораць, што наш сцяг мае два колеры – чырвоны, зялёны, але гэта не так, бо беларускi нацыянальны арнамент чырвонага колеру размешчаны на белым полi, i такім чынам - наш сцяг трохкаляровы.
Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сiмвалiзуе кроўныя сувязi, барацьбу за справядлiвую справу.
Зялёны колер – гэта колер прыроды, нашай кармiцелькi Зямлi. Гэта колер палёўi лясоў, якiя займаюць большую частку тэрыторыi нашай краiны.
Белы колер – гэта перш за ўсё колер свабоды. Недарэмна лiчаць, што назва нашай краiны – Беларусь – звязана з непахiснай воляй да свабоды. Разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысцiнi i мудрасцi. I гэта якасцi, якiя павiнен свята захоўваць у сваёй душы сапраўдны сын беларускай зямлi.
Прыгледземся больш уважлiва да арнаменту. У цэнтры арнаменту ромб з тоўстымi «кручкамi», цi «вёсламi», якiя азначаюць вечнасць i рух. А сам ромб – гэта сiмвал засеянага поля.
Такiм чынам, беларускi сцяг расказвае гiсторыю беларускага народа, заклiкае да ажыццяўлення самых высокiх памкненняў да свабоды, росквiту i дружбы народаў.
Памкненнi нашага народа выказаны ў Дзяржаўным гiмне Рэспублiкi Беларусь. Ён напiсаны на словы верша «Мы - беларусы» Мiхася Клiмковiча i Уладзiмiра Карызны, музыка Несцера Сакалоўскага i зацверджаны Прэзiдэнтам РБ А.Р.Лукашэнкам 2 лiпеня 2002 года.
Выкладчык: Паслухайце радкі верша, якімі можна падагульніць наш урок.
Мая зямля завецца Беларуссю.
Яна, як спадчына, мне ад дзядоў
Дзе б ні была, а сэрцам я гарнуся
Да ніў яе, да волатаў-дубоў.
Да траў мурожных нізенька схілюся –
Дае мне сілу родная зямля.
Дзе я ні буду – да яе вярнуся
Яна – мая, да скону – ўся мая.

Са святам Вас!
Жадаю Вам поспехаў, здароўя.

Урок закончаны. Дзякуй!


Комментариев нет:

Отправить комментарий