понедельник, 21 августа 2017 г.

ЗЯМЛЯ, ДЗЕ ПАЧАЎСЯ МОЙ ЛЁС…

           Пад такой назвай 8 чэрвеня 2017 года на базе Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі адбылася абласная навукова-практычная канферэнцыя сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. 


Усе ўдзельнікі былі падзелены на секцыі: гістарычнае краязнаўства, літаратурнае і лінгвістычнае краязнаўства. У канферэнцыі прынялі ўдзел 38 навучэнцаў і прадставілі свае работы на суд кампетэнтнага журы з ліку выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Разнастайныя па тэматыцы выступленні падрыхтавалі юныя навукоўцы-краяведы з вучэбных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэсцкай вобласці. Дыплом II ступені атрымала навучэнка групы 23 Установы адукацыі “Пінскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” Латышэвіч Надзея.  Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Факадзей Таццяны Сямёнаўны яна падрыхтавала даследчую работу «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва на грашовых адзінках Рэспублікі Беларусь».
 Тэму Надзея выбрала не выпадкова, бо вучыцца ў ліцэі на другім курсе па прафесіі “Аператар ЭВМ; прадавец», якая прадугледжвае працу з грашовымі знакамі. Кім бы ні стаў чалавек, калі вырасце, дзе б ні жыў, яму прыйдзецца сутыкнуцца з грашыма. Цікавасць да працы ўзнікла пасля таго, як у Беларусі з 1 ліпеня 2016 года былі ўведзены новыя грашовыя адзінкі, таму тэма работы набыла яшчэ большую актуальнасць.
Падчас працы навучэнка даведалася пра функцыі грошай і гісторыю з’яўлення грашовых адзінак; разгледзела дызайн папяровых банкнотаў і металічных манет; выявіла цікавыя факты пра грашовыя знакі Рэспублікі Беларусь. А правёўны даследаванне, Надзея высветліла, што грошы «гавораць», яны «расказваюць» - і робяць гэта з дапамогай выразнай мовы знакаў і вобразаў; а намаляваныя на папяровых грашовых знаках помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва з'яўляюцца своеасаблівай крыніцай пры вывучэнні гісторыі нашай краіны.

Любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы прыходзіць праз веданне гісторыі і культуры роднага краю. Цікавасць да гісторыі Радзімы ўласціва чалавеку па самой яго сутнасці: кожны з нас вырастае на спадчыне, у якой сканцэнтраваны векавы вопыт, светапогляд і духоўнае багацце народа. Дзе б ні жыў чалавек – гісторыя побач з ім.

Комментариев нет:

Отправить комментарий