Беларусь для
мяне…
100 гадоў… Цэлае стагоддзе – гэта многа ці мала? Для мяне вельмі многа, а для
краіны?
100-гадовы юбілей утварэння БССР стаў нагодай паразважаць
пра пераемнасць традыцый, сувязь часоў і пакаленняў, паспрабаваць адказаць на
пытанне “Што значыць Беларусь для мяне?”
З БССР звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай
дзяржавы, эпоха нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння беларускага народа, усіх
сфер жыцця беларускага грамадства. За 100 гадоў свайго існавання рэспубліка
прайшла складаны і драматычны шлях свайго развіцця, ператварылася з адсталай
аграрнай ускраіны былой царскай Расіі ў высокаразвітую індустрыяльна-аграрную
савецкую рэспубліку. БССР фактычна стала першай рэальнай нацыянальнай дзяржавай
беларусаў.
Менавіта БССР была адной з рэспублік Савецкага
Саюза, якая дынамічна развівалася і дабілася выдатных поспехаў у
індустрыяльна-тэхнічным, навуковым і культурным развіцці. Я ўпэўнена, што без БССР сёння не было б і незалежнай сучаснай Беларусі.
Шмат падзей адбылося за гэты час. У пачатку ХХ
стагоддзя дзве сусветныя вайны, самыя страшныя ў гісторыі чалавецтва,
прайшлі праз усю без выключэння тэрыторыю Беларусі, тры рускія рэвалюцыі
разгортваліся на нашых землях, а таксама грамадзянская і савецка-польская
вайна, пасля якой беларускі народ быў этнічна і палітычна раз’яднаны дзяржаўнай
мяжой каля дваццаці гадоў.
Але ў ХХ стагоддзі беларусы, нягледзячы ні на што, з
найбольшай сілай і паўнатой выявілі сваю жыццяздольнасць, таленавітасць, свае
творчыя і арганізатарскія магчымасці. З
былога дэнацыяналізаванага насельніцтва «Северо-Западного края России»
сфарміравалася беларуская нацыя.
Падзеі
векавой даўнасці паўплывалі не толькі на жыццё Беларусі, але і простых
беларусаў. Мяняліся назвы і кіраўнікі, сцягі
і гербы краіны, але аднолькавым заставаўся вобраз Радзімы, для якой у сэрцы
кожнага чалавека адведзены асобны куточак.
Для адных
Беларусь – гэта блакітныя вочы азёр на карце, курлыканне жураўлёў і мірнае неба
над галавой, для другіх – гэта калыханка матулі ці белыя крылы буслоў, для многіх
– гэта проста геаграфічная назва. А для мяне Беларусь – гэта мілагучная спеўная
мова Якуба Коласа.
Гэта таленавіты чалавек, які прыйшоў у літаратуру ў
пачатку ХХ стагоддзя. На долю дзядзькі Якуба выпалі як узлёты, так і моманты
знявагі ад савецкай улады, а створаныя ім сапраўдныя шэдэўры беларускай
літаратуры і сёння кранаюць душу кожнага беларуса ад калыскі і да самай
старасці.
Часта думаю: калі ж Якуб Колас увайшоў у маё жыццё і
свядомасць? Вось бы ўспомніць першы прачытаны верш, перажыць тое незабыўнае
ўзрушэнне, пачуццё адкрыцця і радасць далучэння да вялікага, не спазнанага
дагэтуль свету, у якім давядзецца жыць. Мусіць, трэба адчуць сябе на нейкі час
маленькай дзяўчынкай і вярнуцца ў пачатковую школу… Прыпамінаю кожны куток
свайго першага класа. Налева ад дзвярэй - дошка. Перад дошкаю стол настаўніцы,
вучнёўскія парты. У правым куце - шафа з кнігамі: Колас, Купала, Багдановіч….
Цяжка, амаль немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Якуба Коласа. Ён наш буквар і
энцыклапедыя, песня і сумленне. Яго вершы на памяць вучылі ў першым класе,
запамінаюцца гэтыя словы на ўсё жыццё, а аднойчы з гэтых успамінаў нарадзіўся
такі верш…
Словы
Коласа
Я не паэтка, я толькі вучуся
Вершы складаць для сяброў.
Пра дзядзьку Якуба сказаць вам бяруся
Словы ўдзячнасці зноў.
У Коласа словы – дзіцячыя казкі,
Рэчка зімою і лес.
З дому нас цягнуць хуткія санкі,
Горка пад сонцам, як блеск.
У Коласа словы – “ручэй срэбнаводны”
Звініць, гучным смехам дрыжыць.
То ціха ўсміхаецца, шэпча лагодна,
То песню пяе, то бубніць.
У Коласа словы, як Саўка-распуснік
Прыгоду задумаў з катом.
Кату не было, дзе схавацца за кусцік –
Савось паплаціўся ілбом.
У Коласа словы пра родны кут мілы,
Крынічку ў лесе, дубы.
І елкі з хваінамі, як маладыя,
Стаяць над вадою ў бары.
У Коласа словы пра дзядзьку Антоні,
Што кухарам быў для дзяцей,
А клёцкі яго не забудзеш ніколі…
Такіх бы нам болей людзей!
У Коласа словы, як “Яська-дарэктар”
Чытаць і пісаць навучыў,
А хлопцы настаўніка слухалі рэдка,
Бо сам ён дзіцём яшчэ быў.
У Коласа словы – родныя вобразы:
Рэчкі, курганы, бары.
Звонкія гукі птушынага голасу
Мы пранясём скрозь гады.
У Коласа словы – вясковы музыка,
Цяжкі і пакутлівы лёс.
Сымон-музыкант з душою адкрытай
Мастацтва народу прынёс.
У Коласа словы – гэта каханне:
Ядвіся, канечне, Андрэй.
Жыццёвай дарогай прыйшлі на растанне,
Ці стала ім потым лягчэй?
Коласа словы душу нам грэюць,
Мову нас вучаць любіць,
З кожнага верша пяшчотаю веюць –
Помнім, бо нельга забыць!
Такім чынам, у пачатку ХХ стагоддзя нацыянальная ідэя,
дзякуючы мастакам слова (Я.Колас, Я.Купала, М.Багдановіч), увасобілася ў
стварэнні беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР, а ў канцы стагоддзя — і ў
абвяшчэнні дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Комментариев нет:
Отправить комментарий