четверг, 7 ноября 2019 г.

Інтэрв’ю з былым выкладчыкам ліцэя, ветэранам працы, выдатнікам прафесійна-тэхнічнай адукацыі БССР Гетман З.І.


- Паважаныя сябры, сённяшняя наша сустрэча прысвечана вельмі паважанаму чалавеку, ветэрану працы, выдатніку прафесійна-тэхнічнай адукацыі БССР і наогул цудоўнай жанчыне - Гетман Зоі Іванаўне.
         - Зоя Іванаўна, калі ласка, раскажыце пра гады сваёй плённай працы.
- Стаць настаўніцай для мяне было невыпадкова, таму што ў дзяцінстве я вельмі любіла настаўніцу, Яніну Адамаўну Сыцэвіч, якая жыла ў майго дзядзькі -каваля. Яна цудоўны чалавек! Мне здавалася, што настаўнікі зусім іншыя людзі, не такія, як усе. Аднойчы я была ў дзядзькі, а цётка Жэня падала на вячэру беларускія клёцкі. Дала мне,  дзядзьку Філіпу, Яніне Адамаўне. Для мяне было такое здзіўленне, што настаўніца ела тое ж самае, што і я… Мая мара стаць настаўніцай збылася ў 1966-ым годзе, калі я скончыла Гродненскі дзяржаўны інстытут імя Янкі Купалы. Зараз гэта ўніверсітэт, пасля якога была накіравана на працу ў вёску Клятная Пінскага раёна. Цудоўная вёсачка, сярод лесу, з цудоўнымі людзьмі! Так пачыналася мая праца.
         У 1970 годзе прыйшла ў наша вучылішча, у 43-яе. Ну і прапрацавала 35 гадоў у вучылішчы настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Настаўнік мовы і літаратуры – гэта  чалавек, які павінен, скажам так, не толькі вучыць дзяцей пісаць граматна, чытаць, але і думаць, і разважаць, і, канечне ж, настаўнік павінен вучыць, уплываць на  пачуцці, выхоўваць самыя лепшыя якасці  чалавека, будучага спецыяліста. Прывіваць любоў да Радзімы, бо Радзіма, як і маці, у чалавека павінна быць адна. Як гаварыла паэтка  Еўдакія Лось, што Радзіма пачынаецца з таго, што не набыць, а страціць можна. Дык вось імкнулася заўсёды ў сваёй прафесіі, на сваіх уроках вучыць дзяцей не толькі пісаць граматна, прыгожа, расказваць змястоўна, доказна, паслядоўна, але і імкнулася выхоўваць так, каб сталі яны, у першую чаргу, добрымі людзьмі, працаўнікамі. Каб мы маглі на іх спадзявацца, каб яны сталі грамадзянамі нашай краіны.
- Зоя Іванаўна, Вы нарадзіліся ў 1945-ым годзе, гэта як раз пасляваенныя гады. Што Вы памятаеце са  свайго дзяцінства? Што можаце расказаць пра пасляваеннае станаўленне нашай краіны?
- Мне пашчасціла нарадзіцца ў пераможным 45-ым, але, канечне, гэта былі  гады  вельмі цяжкія, складаныя. Таму дзяцінства маё прайшло ў працы, у клопатах разам з бацькамі. Як казаў Пятрусь Броўка: “І пераходзіў з класа ў клас, ад качак, свіней да кароў”. Давялося рабіць усё, дапамагаць па гаспадарцы. Пасля сямі класаў ужо кожны дзень хадзіла ў ільнаводчае звяно замест матулі. Але  ведаеце, што хочацца сказаць: было цяжка, было складана, краіна будавалася, вучыліся ў школе, але неяк жылося ўсё роўна весела. Вёска спявала. Напрыклад, ішлі  збажыну пачынаць -  зажынкі былі абавязкова ў вёсцы, а потым дажынкі, таксама ў вёсцы свята. Вясковыя працаўнікі разам за стол садзілі нас, усіх дзяцей, і частавалі гуркамі з мёдам. Вось гэта такія добрыя ўспаміны з майго дзяцінства!  Былі канцэрты мастацкай самадзейнасці, вёска да вёскі прыязджалі, і мы, дзеці, заўсёды з цікавасцю хадзілі на такія сустрэчы. Вельмі чакалі, калі прывязуць кіно ў вёску. Білет каштаваў пяць капеек, а яны былі такія дарагія, пакрытыя мазалямі, гэтыя пяць капеечак. Але ішлі. Гэта было цікава! Была вялікая прага да навукі, да вучобы. Бацькам асабліва не было калі назіраць, ці вывучыў ты ўрокі, ці не вывучыў, пайшла ты ў школу, ці не пайшла. Гэта неяк выпрацоўвалася само сабою, вельмі хацелася вучыцца далей. Гэта праўда. Таму вось і скончыла інстытут. Што яшчэ хочацца сказаць? Канечне, асоба чалавека фарміруецца з дзяцінства, а яно ў мяне было заўсёды ў працы. Я ніколі не бачыла, каб матуля сядзела без працы, ці бацька, ці мы, дзеці. Таксама хацелася б адзначыць і той культ кнігі, які існаваў у нас. Зімнімі Піліпаўскімі вечарамі мы доўга чыталі ўголас. Маці тады прала не на калаўрот, а верацяном, каб не перашкаджаць слухаць усім. З біраліся родзічы, дзядзька Піліп, які быў кавалём,  прыходзіў са сваёй дачкой, якая вельмі добра чытала. Голас у яе быў дыктарскі і мы любілі яе слухаць. Кнігі фарміравалі мяне як асобу, як чалавека. А яшчэ мяне вельмі любіла бабуля, маміна матуля, якая пасля вайны вярнулася з Сібіры, куды была выслана як рэпрэсіраваная. Яна ведала на памяць амаль усю паэму Якуба Коласа “Новая зямля” і чытала нам яе па памяці. На жаль, пасля таго свайго вяртання яна пражыла нядоўга…
  Краіна, як я ўжо сказала,  будавалася.  Моладзь імкнулася да ведаў  і моладзь хацела вырвацца, паехаць у  горад, пазнаць нешта новае, цікавае. Зараз, калі я вяртаюся да сябе на радзіму, у родную вёску, гэта на  Гродзеншчыне, дзе вельмі прыгожая маляўнічая прырода, часам мне становіцца сумна…  Сумна становіцца ад таго, што вось мы, людзі, вельмі часта неабдумана абыходзімся з нашай прыродай. На жаль, я не бачу той крынічкі, з якой наталяла  ў дзяцінстве смагу. Няма тых заліўных палёў, бярозавых гаёў. Няма той рачулкі, якая бегла да Нёмана-бацькі: яна высахла. Вось мне здаецца, што будучым нашым пакаленням трэба вельмі-вельмі ашчадна, з вялікай любоўю і адказнасцю ставіцца да прыроды, бо прырода – “гэта найцікавейшая кніга, якою ніколі нельга начытацца”, -  так казаў Якуб Колас.  Але мы ж жывем з яе, нам  трэба пакінуць будучым нашым пакаленням не забруджаныя рэкі, а чыстыя, светлыя азёры. Бо Беларусь сама па сабе вельмі прыгожая краіна. Не трэба шукаць вялікае шчасце за мяжою. У нас ёсць усё: і прыгожыя азёры Віцебшчыны, і пагорачкі Міншчыны і Гродзеншчыны, і вось гэтыя раўніны беларускага Палесся, якое я таксама шчыра палюбіла, бо ўсё жыццё пражыла сваё тут. Трэба шанаваць, любіць свой край, каб перадаць нашым пакаленням добрую спадчыну.
- Вялікі дзякуй, Зоя Іванаўна! Было прыемна з Вамі сёння пагутарыць! Спадзяюся, нават упэўнена, што мы  не раз яшчэ сустрэнемся.




Комментариев нет:

Отправить комментарий