Колькасць прафесій у сучасным свеце вымяраецца пяцізначнай лічбай, а агульная класіфікацыя іх увесь час мяняецца. Але ж, як паказвае практыка, сённяшнія дзевяцікласнікі, напрыклад, могуць назваць толькі 20-26 прафесій.
Пры вывучэнні матываў выбару будучай прафесіі падлеткамі высветлілася, што значную ролю ў гэтым адыгрываюць парады іншых людзей. Так, 25% выпускнікоў выбіраюць прафесію пад уплывам старэйшага сябра, які больш самастойны ці ўжо прайшоў прафесійную падрыхтоўку ў пэўнай навучальнай установе.
Як зацікавіць сенняшняга выпускніка будучай прафесіяй? Адказ на гэтае пытанне знайшлі ў Пінскім дзяржаўным прафесіянальным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Патрэбна абітурыентам не проста расказаць пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць у ліцэі, але і паказаць, чым будзе займацца дыпламаваны спецыяліст на самай справе. Гэтую думку пацвярджае і народнае выслоўе пра тое, што лепш адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць.
Цікава і разнастайна праводзіцца штогод адкрыццё прыёмнай камісіі ва ўстанове адукацыі “Пінскі дзяржаўны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”. Так, 15 чэрвеня бягучага года з раніцы святочным канцэртам сустракалі будучых ліцэістаў, а першых наведвальнікаў частавалі салодкімі прызамі.
Зацікаўленым абітурыентам была прадстаўлена магчымасць на кароткі тэрмін ператварыцца ў спецыяліста абранай прафесіі. Напрыклад, дзяўчынкі – будучыя кандытары спрабавалі сваімі рукамі ўпрыгожіць торт кветкамі з масцікі. Майстэрству карвінга вучыліся ў павароў і плодаагароднікаў. Навучэнцы-прадаўцы арганізавалі для выпускнікоў школ міні-магазін і гандлявалі духмянай выпечкай.
З відэароліка абітурыенты даведаліся аб тым, што ў навучальнай установе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў на базе 9 классаў па прафесіі повар, кулінар, агароднік, прадавец, трактарыст-машыніст, слесар, вадзіцель аўтамабіля, машыніст экскаватара. А пасля заканчэння 11 класаў у ліцэі можна атрымаць прафесію повара, кандытара, афіцыянта, прадаўца, вадзіцеля аўтамабіля, машыніста экскаватара, кантралёра-касіра.
Развітваючыся, многія выпускнікі школ выказалі жаданне хутчэй сустрэцца яшчэ раз у верасні. Будзем рады бачыць вас і шчыра запрашаем!
Комментариев нет:
Отправить комментарий