пятница, 15 декабря 2017 г.

Паходжанне тапанімічных назваў Піншчыны





Палессе... Велізарны, поўны таямніц край у цэнтры Еўропы. На сотні кіламетраў тут цягнуцца лясы і балоты. Край гэты заўсёды здаваўся загадкавым, таямнічым. I хаця многа што змянілася ў ім, але таямнічасць і загадкавасць захаваліся пераважна ў тапаніміі краю.
У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам дасталася велізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк, азёраў, палёў і сенажацяў, урочышчаў. На зямлі нашай Бацькаўшчыны, бадай, не знойдзецца аніводнай народнай назвы, якая б узнікла выпадкова, без дай прычыны. Калі ўважліва прыглядзецца, дык заўсёды вызначыш, што вынікае гэтая назва з нейкіх асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці жыхароў і вельмі часта звязана з гістарычным мінулым чалавека. Сам народ ніколі не назаве сваё паселішча словам, якое ў чымсьці не адпавядала б, а тым больш пярэчыла б ісціне. Не дзіва, што адзін з паэтаў пісаў:
Народ умее цёплым словам
Радзімы край свой прыласкаць.                               
Ці не таму часта, высветліўшы да пэўнага часу незразумелую нам назву горада ці вёскі, мы лепш пачынаем разумець іх мінулае, асаблівасці жыццядзейнасці людзей, іх звычкі і норавы?
Назвы геаграфічных аб'ектаў з'яўляюцца своеасаблівымі гістарычнымі дакументамі. Таксама беларускія геаграфічныя назвы з'яўляюцца скарбніцай, дзе захаваліся забытыя тэрміны, якія сталі незразумелымі па некаторых прычынах: з-за знікнення прыродных і штучных аб'ектаў, якія ўваходзілі ў назву, з-за выцяснення мясцовых дыялектных тэрмінаў найболып вядомымі літаратурнымі эквівалентамі. Некаторыя тэрміны вядомы толькі спецыялістам, а ў лепшым выпадку невялікай групе старажылаў, якіх з кожным годам становіцца ўсё меней.
На тэрыторыі Пінскага раёна налічваецца больш за паўтары сотні сельскіх населеных пунктаў.
Кожны з іх мае сваю назву. Чаму яны так названы? Дзе вытокі кожнай назвы? Што гэтыя назвы азначаюць? Гэтыя пытанні турбуюць, напэўна, кожнага сучасніка. Менавіта цікавасць і імкненне адказаць на гэтыя пытанні і пабудзілі мяне да вывучэння тапанімічных назваў Пінскага раёна, нашай малой радзімы.Я вырашыла адказаць на гэтыя пытанні, таму і абрала тэму даследчай работы "Паходжанне тапанімічных назваў Піншчыны".
Аб'ектам даследавання дадзенай працы з'яўляюцца назвы паселішчаў Пінскага раёна.
Прадмет даследавання: структурная характарыстыка айконімаў Пінскага раёна.
Гіпотэза: выкажам здагадку, што тапанімічныя назвы служаць крыніцай пазнання гісторыі роднага краю, умоў жыцця і дзейнасці нашых продкаў, апісання мінулага, прыроды нашай палескай зямлі.
Мэта маёй працы - вывучыць паходжанне назваў населеных пунктаў нашага краю на аснове літаратурных крыніц і сабранага краязнаўчага матэрыялу.
Для вырашэння мэты я паставіла наступныя задачы:
- вывучыць звесткі пра тапанімію як раздзел анамастыкі, яе ролю ўжыцці краіны і грамадства;
- зрабіць класіфікацыю і аналіз назваў населеных пунктаў Піншчыны з улікам асаблівасцей іх паходжання;
- сабраць і выкарыстаць у рабоце паданні і легенды жыхароў вёсак Жоўкіна, Плешчыцы, Кнубава, Калавуравічы;
- даказаць, што назвы населеных пунктаў служаць крыніцай пазнання гісторыі роднага краю, умоў жыцця і дзейнасці нашых продкаў, гэта наш бясцэнны гістарычны і духоўны скарб.
Практычная значнасць праекта складаецца ў стварэнні класіфікатара населеных пунктаў Піншчыны. Матэрыялы даследавання можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы, гісторыі, геаграфіі.
Метады даследавання:
·                   пошукавы (збор інфармацыі);
·                   сістэматызацыі (аналіз інфармацыі па тэме даследавання; назіранне);
·                   апісальны (апісанне паходжання тапанімічных назваў Піншчыны).
У працы дадзены звесткі пра тапаніміку і яе важнасць, зроблена класіфікацыя і аналіз "тапанімічнай гаспадаркі Піншчыны", сабраны легенды пра паходжанне назваў, а таксама запісаны паданні са слоў старых жыхароў вёсак Жоўкіна, Плешчыцы, Кнубава, Калавуравічы.
"Тапанімія - гэта мова зямлі, а зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавечая запісана ў геаграфічных назвах", - так зазначыў польскі гісторык І.Філевіч.


















ГЛАВА I. ШТО ТАКОЕ ТАПАНІМІЯ: У ЧЫМ ЗАКЛЮЧАЕЦЦА ЯЕ ВАЖНАСЦЬ?


У аснове нашай вечнай любові да Радзімы ляжаць многія факты. I сярод іх, несумненна, найважнейшае месца займае наша прыхільнасць да засвоеных з дзяцінства слоў, якімі называюцца нашы вёскі і гарады, вуліцы і плошчы, паркі і скверы, размешчаныя паблізу месца жыхарства рэкі і азёры, палі і лугі. Такія назвы ў навуковай літаратуры прынята перадаваць запазычаным з грэчаскай мовы словам тапонім, гэта значыць “імя мясцовасці”. Адсюль вынікае, што тапаніміка - гэта раздзел анамастыкі, які вывучае назвы геаграфічных аб’ектаў, заканамернасці іх узнікнення, развіцця, значэння, вымаўлення, а таксама пытанні напісання назваў і перадачы іх з адной мовы на другую. Тапаніміка цесна звязана з мовазнаўствам, гісторыяй, этнаграфіяй, тапаграфіяй і геаграфіяй, геалогіяй.
У дачыненні толькі назваў населеных пунктаў, чаму якраз і прысвечана мая праца, ужываецца тэрмін з больш вузкім значэннем - айканімія. Першая кніга па беларускай айканіміі належыць пяру вядомага вучонага-лінгвіста В. П. Лемцюговай, якая дала вельмі дакладную характарыстыку гэтаму паняццю: "Айканімія, з'яўляючыся натуральным прадуктам моўнай дзейнасці чалавечага грамадства, параджэннем канкрэтных гістарычных умоў, аб'ектыўна адлюстроўвае працэс і ўмовы свайго ўзнікнення, знаходзіцца ў непарыўнай сувязі з фактамі гісторыі і геаграфіі". [5,3]
Неабмежаваная, шчырая любасць людзей да сваёй мясцовай тапаніміі з'яўляецца адной з прычын, што ў цывілізаваных краінах яе альбо зусім не перайначваюць, альбо калі ідуць на такі крок, дык выключна ў рэдкіх адзінкавых выпадках. Гэта няцяжка вытлумачыць, бо кожны сумленны чалавек глядзіць на перададзеныя яму ў спадчыну ад далёкіх і блізкіх продкаў тапонімы, як накаштоўнейшыя моўныя і гістарычныя помнікі роднай зямлі, якія патрэбна шанаваць, як штосьці самае дарагое ў жыцці. "Назвы, - пісаў Канстанцін Паустоўскі, - гэта народнае паэтычнае афармленне краіны".
Справядліва лічыцца, што чым больш старая паводле часу ўзнікнення назва населенага пункта, тым яна найдаражэйшая. Адукаваныя, культурныя людзі ні за якія даброты не згодзяцца замяніць яе на прыгожае, ласкавае слова. Дзякуй Богу, ёсць такія людзі і ў нас на Беларусі. Іх менш за ўсё цікавіць фанетычнае гучанне слова. Галоўнае, што яно прыйшло ад далёкіх прашчураў, адлюстроўвае гісторыю ці побыт іх жыцця.
Захаваннем традыцыйнай тапаніміі мы не толькі пазбягаем нанясення падчас вельмі балючых траўм людзям, але і пакідаем тыя масткі, якія звязваюць наша сучаснае з мінулым. Кожны такі разбураны масток - гэта дзірка ў нашай гістарычнай памяці. Як паважліва трэба ставіцца да атрыманых ад папярэдніх пакаленняў геаграфічных назваў, добра вучыць нас трэцяе выданне "Большой Советской Энциклопедии" (1977). У 26-м томе яе запісана: "Тапанімія - важная крыніца для даследавання гісторыі мовы, дапамагае абвесці вобласці былога распаўсюджвання моў, геаграфію культурных і эканамічных цэнтраў, гандлёвых шляхоў".
Беларуская тапанімія ўжо не раз была прадметам спецыяльнай увагі вучоных, краязнаўцаў, публіцыстаў. Па гэтай праблеме напісана нямала кніг, абараняліся дысертацыі. Больш вядомыя даследванні В. А. Жучкевіча. Ім напісана некалькі прац па тапаніміі. Адной з іх з'яўляецца "Тапаніміка Беларусі". Беларускі пісьменнік, вядучы радыёперадачы "Жывое слова" У. Юрэвіч прысвяціў гэтай тэме сваю кнігу "Слова жывое, роднае, гаваркое". Даследчыкі-тапанімісты заўсёды цікавіліся этымалогіяй назваў значных геаграфічных аб'ектаў (Мінск, Гомель, Брэст), аднак існуе вялікая колькасць мясцовых назваў, у якіх захоўваецца наша памяць, наша гісторыя. Гэтыя назвы забываюцца, змяняюць свае марфалагічныя і фанетычныя прынцыпы, а гэта значыць, што вялікі каштоўны пласт культуры знікае. Пакуль яшчэ не позна, яго трэба вывучыць, захаваць для нашчадкаў.


ГЛАВА II. ТАПАНІМІЧНАЯ ГАСПАДАРКА ПІНШЧЫНЫ

                                                                                                     
Тапонімы вывучаюцца рознымі метадамі. Вось тыя, якімі я больш за ўсё карысталася ў сваёй працы:
1)                  лінгвістычны аналіз. Ён уяўляе сабою вывучэнне тапоніма як слова, як форму, будову, састаўныя часткі;
2)                    геаграфічны метад. У аснове пакладзена вывучэнне мясцовасці, да якой адносіцца тапонім;
3)                    параўнальна-гістарычны метад. Эвалюцыя тапоніма прасочваецца па гістарычных крыніцах.
Выкарыстоўваючы агульную класіфікацыю геаграфічных назваў паводле іх паходжання ад:
1)                  назваў раслін і жывёл;
2)                    імёнаў і прозвішчаў людзей;
3)                    рэк і азёр, на берагах якіх яны ўзніклі;               
4)                    назваў дрэў, траў, грыбоў, птушак, рыб;
5)                    геаграфічнага становішча;
6)                    заняткаў жыхароў;
7)                    этнічнага, сацыяльнага саставу;
8)                    прозвішчаў перасяленцаў;
9)                    перайменавання;
10)              асаблівасцяў прыроднага асяроддзя,
я згрупіравала сельскія населеныя пункты Пінскага раёна з улікам асаблівасцей іх паходжання [гл. дадатак].
На Піншчыне адна вёска атрымала назву ад ракі Піна. У кнізе А. Дубоўскага "Палігон" сустракаем інфармацыю аб тым, што слова "піна" азначае "пляцёнка", "гірлянда".
Наяўнасць на беларускай зямлі вялікай колькасці хваёвых лясоў тлумачыць, чаму тут вельмі папулярны назвы населеных пунктаў, якія маюць у сваёй аснове корань бор. Аснова бор выступае ў саставе тапонімаў у розным структурным афармленні: Боркі, Барок, Баравая, Бараўня. Такі населены пункт ёсць і ў Пінскім раёне - Боркі.
Здольнасць беларускага народа ў словаўтварэнні добра праявілася і ў назвах з коранем лес, што таксама тлумачыцца маштабамі размяшчэння лясоў на тэрыторыі Беларусі. Таму сам характар прыроды даў магчымасць выкарыстоўваць для назваў пасяленняў слова лес. Людзі не заўсёды спыняліся на такім простым варыянце. У лясах, якія раслі каля вескі, яны заўсёды імкнуліся вызначыць пароду дрэў, якая пераважала і пры неабходнасці ўтварыць з яе назву свайго роднага населенага пункта. Аналізуючы нацыянальную тапанімію, няцяжка заўважыць, што ў ёй добра прадстаўлены ўсе без выключэння характэрныя для беларускіх лясоў пароды дрэў: сасна, елка, ліпа, бяроза, дуб, ясень. Сярод лісцевых парод дрэў найбольш папулярныя бяроза, дуб, ліпа. Сваю любоў да гэтых дрэў беларусы выказалі праз памяншальна-ласкальныя словы ў спалучэнні з якаснымі прыметнікамі.
Шырокі спектр словаўтваральных сродкаў выкарыстоўваецца ў афармленні тапонімаў з асновамі дуб, дубняк, дубрава. Дубняк выкарыстоўваецца ў сэнсе дубовыя зараснікі ці малады дубовы лес. Слова "дуброва" спачатку ўжывалася ў паняцці "дубовы гай", а пазней сталі называць дубровамі проста лісцевыя лясы.
Менавіта такія назвы сустракаюцца і на Піншчыне: Ліпнікі, Вяз, Бярозавічы, Беразцы, Дубае, Дубнавічы, Мокрая Дубрава. У Мокрай Дубраве і ў цяперашні час мясцовасць вельмі нізкая. У даждлівыя гады насельніцтва пакутуе ад затаплення агародаў.
Населены пункт Чамярын пайшоў ад назвы расліны чэмер - гэта ядавітая лугавая расліна.У назвах населеных пунктаў Пінскага раёна адлюстраваны асаблівасці геаграфічнага становішча, іх знешні выгляд і велічыня. Напрыклад, ёсць на тэрыторыі нашага раёна вёска Пагост. Пагостамі называлі цэнтр сядзібы сельскай абшчыны. Яшчэ ў народных гаворках пагост - гэта сельскія могілкі.
Багаты наш край рэкамі і азёрамі. Пад уплывам меліярацыі і змен клімату многія водныя аб'екты зніклі або паступова знікаюць. Доказам таму, што яны былі, з'яўляюцца населеныя пункты. Так як жыццё людзей цесна звязана з вадой, то яны заўсёды імкнуліся будаваць свае пасяленні каля азёр. Калі возера мела сваё імя, то яно перадавалася і ў назву вёскі. У многіх выпадках айконім уключае проста слова возера. Для прыкладу, Заазер'е, што знаходзіцца на тэрыторыі нашага раёна. Тое ж самае назіраецца і ў назвах населеных пунктаў, у аснове якіх ляжыць слова рака.Напрыклад, Парэчча, што распрасціраецца на беразе ракі Ясельда.
Блізка каля ракі Прыпяць узнікла вёска Плешчыцы. Назва ўтварылася ад слова "пляскацца", "плешчыцца" (вада). Асаблівасць геаграфічнага становішча скрываецца і ў назвах вёсак Пасянічы, Астравічы, Востаў. Пасянічы характарызуе мясцовасць, дзе быў ссечаны лес для севу. Востраў і Астравічы ўтварыліся каля рэк. Знешні воблік вёсак характарызуюць назвы Круглае, Высокае.
Назва населенага пункта Аснежыцы пайшла ад месца, дзе вельмі доўга ляжаў снег. Вёска з назвай Церабень утварылася ад слова "церабень", "церабіці" (старажытнае рускае слова), што значыць карчаваць, ачышчаць ад лесу.
На тэрыторыі Піншчыны з'явіліся населеныя пункты, назвы якіх утварыліся ад роду заняткаў у мінулым. Напрыклад, другі варыянт паходжання назвы вёскі Хлябы мяркуе, што людзі займаліся тут выпечкай хлеба і славіліся сваёй прадукцыяй. Вельмі часта прадукцыі было многа, таму людзі яе лішкі прадавалі. Для гандлю выбіраліся месцы мнагалюдныя, даступныя. 3 цягам часу на такіх тэрыторыях пасяляліся людзі і ўзнікалі новыя населеныя пункты. Такім прыкладам можа быць населены пункт Таргашыцы. Назва Таргашыцы ўтварылася ад слова торг, таргаваць. Вёска Канюхі таксама ўтварылася ад роду заняткаў людзей, гэта значыць даглядаць коней.
Самая вялікая група назваў вёсак звязана з прозвішчамі і імёнамі першапасяленцаў, заснавальнікаў або ўладальнікаў паселішч. У даўнія часы самыя распаўсюджаныя прозвішчы былі Барычэвіч, Купяціч, Лемяшэвіч, Лапацін, Дамашаў, Марозаў, Малоткавіч, Ахоў, Калавураў, Коўб, Качаноўскі, Жаўціевіч. Менавіта з гэтымі прозвішчамі звязана шмат тапонімаў Пінскага раёна. Напрыклад, Барычавічы, Купяцічы, Лемяшэвічы, Лапаціна, Дамашыцы, Марозавічы, Малоткавічы, Ахова, Калавуравічы, Каўбы, Качановічы, Жоўкіна. Гэта і падцвярджаецца распаўсюджваннем асобных прозвішчаў. Зараз у Барычавічах вельмі часта можна пачуць прозвішча Барычэўскі, у Лемяшэвічах - Лемяшэўскі.
Назвы населеных пунктаў, у якіх адлюстраваўся этнічны і сацыяльны састаў насельніцтва, светапогляд людзей, утвараюць невялікую групу тапонімаў. Напрыклад, Чухава, напэўна, утварылася ад слова чухі, так называлі ў 18-19 стагоддзях людзей, якія любілі папляткарыць.
А яшчэ ў 17-18 стагоддзях мянушку чухны, чухонцы давалі перасяленцам на Беларусь з поўначы або з прыбалтыйскіх краёў. Яны, як і кожныя бежанцы, жылі бедна, у гразі, неахайна, а таму ўвесь час чухаліся, шкрэблі цела пазногцямі! Таму і вёска, дзе пасяліліся такія людзі, займела назву Чухава [6,249].
У гонар блізкага нам славянскага народа балгараў была названа вёска Балгары, але дакладныя звесткі аб колішнім пражыванні тут прадстаўнікоў гэтага этнасу адсутнічаюць.


ГЛАВА III.ЛЕГЕНДЫ ПРА ПАХОДЖАННЕ НАЗВАЎ НАСЕЛЕНЫХ
ПУНКТАЎ ПІНШЧЫНЫ


Цікавыя легенды аб сваім паходжанні маюць не толькі буйныя, сярэднія і дробныя гарады Беларусі. Дапытлівы розум, багатая фантазія жыхароў многіх вёсак, асабліва з назвамі сапраўднымі народнымі, гістарычнымі, данеслі цяперашнім пакаленням шмат захапляючых версій пра паходжанне такіх тапонімаў, а сям-там працягваюць складацца пра іх легенды і па сённяшні дзень, узбагачаючы наш вусны беларускі фальклор.
У ходзе сваёй працы я адшукала і нават запісала ад сталых жыхароў легенды пра некаторыя вёскі Пінскага раёна.
У даўнія часы не было дамб. Прыпяць расцякалася, усюды было балота і да будаўніцтва дамбы было вельмі многа астравоў. Пазней пабудавалі дамбу. А з боку Прыпяці засталіся астраўкі. Адсюль і назва вёскі Астравічы.
3.2. Жоўкіна
Раней, каля таго месца, дзе зараз стаіць клуб, жыў пан Жаўціевіч. Добрым быў гэты пан, дапамагаў людзям. Усім сваім прыгонным ён параздаваў невялікія кавалачкі зямлі. А зямля ў гэтым месцы была вельмі неўрадлівая, усюды былі жоўтыя пяскі. Таму свабодныя, больш багатыя людзі куплялі сабе зямлю больш-менш лепшую і стваралі на ёй хутары, а прыгонныя пана жылі ў Мястэчку. Менавіта таму ўся вёска была нібы раскідана - людзі сяліліся там, дзе была лепшая зямля. Царква, якую пабудаваў пан, размяшчалася на мясцовай гары. Таму, адкуль бы ты ні ехаў, царква сустракала цябе сваімі купаламі, а ў нядзелю на ўсю акругу разносіўся звон. Пасля смерці пана яго прыгонныя папрасілі новага ўладара перайменаваць назву Мястэчка ў Жоўкін у памяць і славу пану Жаўціевічу. Пазней вёску сталі называць Жоўкіна. Па сведках, за свае добрыя справы пан быў кананізіраваны праваслаўнай царквой.
3.3. Завідчыцы
Гэты населены пункт Завідчыцы назвалі так, таму што ў былыя часы там жыў пан. Маёнтак у яго быў небагаты; землі былі неўрадлівыя. Пан зайздросціў свайму суседу, бо той быў багацейшы за яго.
Па некаторых звестках гэта пасяленне раней называлася Купічы. Першае  ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1524 года. Калавуравічы з'яўляюцца радавым гняздом шляхецкага прозвішча Калавураў.
Па другім меркаванні вёску так назвалі, таму што тут у часе паходаў спынялася вайсковая варта, а каб несці каравульную службу выстаўляўся вартавы пост. [6, 234]
3.5. Каўбы
Назва гэтай палескай вескі паходзіць ад слова "кальбус",што ў даслоўным перакладзе з літоўскай мовы абазначае "вельмі балбатлівыя людзі". У нашай мове ёсць трапны сінонім - балбатун, гаварун. Вось такія людзі і жылі тут даўно, якія любілі пагаманіць, таму і мянушку мелі Коўб.
Жыў калісьці на гэтай зямлі вельмі свірэпы пан. Людзі працавалі на яго ад цямна да цямна, а яму ўсё мала было. Вырашыў ён аднойчы паглядзець сам, як працуюць яго сяляне. Пад'ехаў ціхенечка да поля і аж пачырванеў ад злосці - спяваліся песні. Замест таго, каб працаваць, яны спявалі. Сяляне ўслаўлялі саму працу, прыроду, маці-зямлю. Не даслухаў пан да канца, выскачыў і, тупнуўшы нагой, пачаў клясці сялян. I не паспеў ён дагаварыць, як зямля расступілася, а пан туды ўпаў, да чарцей смалу варыць. Там яны яму спуску не давалі. Толькі, на вялікую бяду, праклясці пан паспеў некалькі чалавек. Адтуль і пайшлі на зямлю лежабокі, а таксама ілгуны, і гаваруны. Там і карані Каўбоў трэба шукаць.        
Другі варыянт назвы вёскі звязаны з карэннымі жыхарамі Каўбамі - татарамі, якія аселі на Палессі. Па паданні, тут, у балотах Зарэчча, яшчэ ў часы Казіміра Ягелончыка заблукаў татарскі атрад, які, знайшоўшы сухое месца, заснаваў на ім пасяленне.
Калі ўладарылі старажытныя князі ў ваколіцах цяперашняй вёскі, то былі магутныя лясы. У такіх лясах днём і ноччу было цёмна. Яркія промні сонца не маглі дастаць да зямлі цераз сплеценае голле. Праз гэты лес працякала бурлівая рака, якую людзі назвалі Бобрыкам. У тым месцы, дзе ў Бобрык упадала другая рака, якая выцякала з возера, лес быў значна радзейшы, а за лесам цягнуліся добра дагледжаныя палі, сады і агароды лясных жыхароў, сярод якіх дзесьці на самым беразе стаяў багаты дварэц цудоўнай княжны. Цэлыя дні княжна праводзіла ў сваім садзе, або ішла ў бліжэйшы лес, дзе рвала кветкі, збірала ягады і грыбы. Яна любіла слухаць спевы птушак і вельмі клапацілася пра іх. Кожны дзень, ідучы ў лес, прыносіла птушкам ежу. Яны таксама любілі сваю княжну і ўсюды за ёй лёталі.        
Аднойчы княжна рана выйшла ў сад, але не зразумела, ад чаго затраслася зямля. Пайшоў моцны дождж, вакол стала цёмна, пачуўся тупат, а дварэц часткова праваліўся пад зямлю, а часткова разваліўся на камяні.
3 гэтага часу на тым месцы, дзе стаяў дварэц княжны, засталася толькі невялікая гара (якая захавалася да нашага часу). Гаспадыня засталася жыць у той частцы, якая правалілася пад зямлю. Яна распальвала вогнішча і садзілася пад камень, які ляжаў недалёка.
Аднойчы каля гэтай горкі праязджаў стары разбойнік са сваёй багатай здабычай. I тут ён убачыў княжну, якая сядзела каля сундука з золатам і перабірала залатыя манеты. Стары разбойнік падышоў да дзяўчыны, але ад убачанай колькасці золата не змог сказаць ні слова. Потым кінуўся на багатую гаспадыню і ўзмахнуў сваім вялікім нажом. На тым месцы, дзе ён толькі што бачыў княжну, нікога не было.Разбойнік махнуў нажом яшчэ раз. I на тым месцы, дзе ён стаяў, стаў вялізны камень, які па сваёй форме нагадваў галаву нейкай пачвары.
Вось такім чынам злодзей ператварыўся ў камень, ад яго і вёска Каменем стала. Дзяўчыну пасля гэтага выпадку ніхто не бачыў.
3.7. Кашавічы
На беразе возера людзі лавілі рыбу, але каб улоў быў большы, выкарыстоўвалі не вуды, а кашы. Таму пасяленне, якое было заснавана на беразе возера, назвалі Кашавічы.
3.8. Качановічы
Першае ўпамінанне адносіцца да 1552 года, калі па ўказу каралевы Боны быў зроблены вопіс меж і зафіксаваны павіннасці жыхароў сяла. Гэтае пасяленне - радавое гняздо шляхецкага роду Качаноўскіх герба "Астоя". Адсюль і назва вёскі - Качановічы.
3.9. Ліпнікі
Вёску назвалі так, таму што яна была заснавана на месцы, дзе расло вельмі шмат ліп. I калі прыехала дзве сям'і, то яны выкупілі гэтую зямлю і пачалі будаваць вёску, назву якой далі Ліпнікі.                                                          
3.10. Лагішын
Некалі тут ніхто не жыў. Лясы неабсяжныя былі, рэкі паўнаводныя разліваліся. Людзі не сяліліся жыць толькі таму, што цяжка было дабрацца сюды, хіба што зімою, калі ўсё навокал замятала снегам і замярзала. Праўда, пад снегам хаваліся шматлікія "чортавы вокны", якія ніколі не замярзалі із'яўляліся непераадольнымі для людзей.
Аднаго разу багаты купец ехаў са сваім дарослым ужо сынам і людзьмі санным шляхам да старажытнага горада Пінска. Іхняга старэйшага звалі Логіш, ці то, можа, Логінеш. Мужны і практычны быў чалавек. Бацька стаў браць Логіша ў далёкія шляхі яшчэ хлапчуком, каб краіны замежныя паказаць, а таксама, каб ўжо з ранняга ўзросту прызвычайваўся да нялёгкага купецкага рамяства. Таму Логіш, калі ўжо сам стаў бацькам, пачаў і свайго сына гадаваць бясстрашным і адчайным, разумным і кемлівым.
Заначавалі яны на гэты раз у густым лесе, бо далёка яшчэ было да горада, дзе меркавалі перазімаваць. Распалілі вогнішчы і паснулі падарожныя хто на вазах, хто ля вогнішчаў.Бацька з сынам таксама заснулі ля асобна разведзенага для іх цяпельца. Ноччу Логішу прысніўся дзіўны сон. Бачылася яму велічная жанчына ў белай вопратцы, якая хацела засцерагчы іх ад бяды.
-          Не ідзі на балота, Логіш! Не ідзі! Чакай лепей да вясны, бо гора не абярэшся. Глядзі, прыслухайся, што табе кажу...
Але не прыслухаўся Логіш да гэтых слоў. Раніцай накіраваўся ехаць на ІІінск праз балоты, вада ў якіх нават і зімой не замярзае. Праехаўшы палову шляху, раптам пачулі выццё ваўкоў. Таварышы Логіша ўхапілі коней за морды, трымаюць, каб не ўляцець куды нечакана. А вось сынавы сані панёс конь. Малады купец мог саскочыць і застацца ляжаць на лёдзе, ды вельмі ж тавар шкадаваў. Ды дзе там! Так, на шалёным скаку, і ўляцеў жарабец разам з санямі ў "чортава акно". Разам са сваім канём і Логішаў сын утапіўся. Яшчэ колькі саней страцілі, а потым вярнуліся па старым следзе туды, дзе начавалі. Заклалі на зручным месцы паселішча.Вось з таго часу істалі людзі там жыць, чакаць вясны, каб зямлю засяваць. Калі вясна надышла і навокал вада заплёскалася, птушкі заспявалі, то паслаў Логіш даверанага чалавека прадаць што-небудзь у Пінску на базары, купіць самае неабходнае. Паселішча з таго часу сталі называць Лагішынам.
Кажуць калісьці жыў на Піншчыне паляўнічы. Аднойчы забраўся ён у такі гушчар, што і выбрацца не змог. Прытаміўся, а тут ноч застала. Дабраўся ён да паляны і заснуў. Калі ж прачнуўся, то не мог надзівіцца прыгажосцю гэтага месца. Недалёка - блакітная стужачка рэчкі, на ўскрайку лесу - крынічка, зелянеў луг, зіхацелі кветкі. Яшчэ далей раскінулася балота. Доўга не мог паляўнічы забыць гэта месца. I ў хуткім часе перабраўся сюды з сям'ёй.
Прайшлі гады. Побач з зямлянкай паляўнічага выраслі іншыя. Нарадзілася паселішча. Трапіў неяк сюды пан. Убачыў ён тутэйшых сялян і здзівіўся:
-             Ну і галішча тут, ну і галішча!
Так і замацавалася гэта назва за вёскай. 3 цягам часу "га" адпала, і вёска пачала называцца Лышча.
Адзін з запаветных куткоў Палесся — вёска Парэ. Па паданні, шмат стагоддзяў назад ад абоза, які рухаўся па гэтым краі, тайком засталіся двое - мужчына і жанчына - пара. Адсюль і назва вёскі. Легенда гаворыць аб тым, што берагі ракі Прастыр вельмі спадабаліся першым пасяленцам. Думаецца, важную ролю ў выбары сыграла бяспека жыцця ў гэтых мясцінах. Іх унікальнасць захавалася і па сённяшні дзень.
Другая версія паходжання назвы вёскі гаворыць аб тым, што многа гадоў таму назад вёску акружалі балоцістыя мясціны, і калі сонца вельмі прыпякала, вільготнасць выпаралася, і паветра было насычана вадзяным парам.
Аўдавеў бедны каваль. I засталася ў яго дачка Палінушка. Цяжка было аднаму. Ажаніўся каваль яшчэ раз. Неўзлюбіла маладая жонка Палінушку і зачаравала яе, утапіўшы ў рацэ. А рэчка гэта замёрзла навечна. Сказала мачаха, што будзе яна такою, пакуль не знойдзецца хлопец з добрым сэрцам, які зніме гэтыя чары. Праз 16 гадоў нарадзіўся ў каваля сын. Быў ён прыгожы і сэрцам добры. Даведаўся хлопец, што яго маці зачаравала яго няродную сястру і вырашыў вызваліць яе. Маці запярэчыла, але  Ігнатушка настяяў на сваім. Тады маці дала яму клубок тонкіх нітак і загадала сплясці 5 паясоў і апаясаць імі рэчку. Доўга сядзеў Ігнатушка на беразе ракі і думаў, як апаясаць яе. На дапамогу прыляцела маленькая птушка, узяла ў дзюбу канец ніткі, паднялася ўгору і пачалі яны ўдвух плесці паясы і апаясваць рэчку. Доўга працавалі, але колькі радасці было, калі прачнулася рака Прыпяць з ледзяных аковаў і заліла нізіну. Усё зазелянела на зямлі, зацвілі кветкі, распусціліся галінкі на дрэвах. Пачалі людзі будаваць дамы паблізу гэтай рэчкі. Адно сяленне назвалі Клубава ад слова клубок, а другое, таму як вада весела пляскалася кожную вясну каля дамоў, назвалі Плесканіцы. Пазней сталі называць Кнубава і Плешчыцы.
Палінушка выйшла з вады. А пазней выйшла замуж і пабудавала вялікі двор, што дало назву вёсцы Вялікія Дворцы. Брату паблізу пабудавала малы двор. Цяпер гэта вёска Малыя Дворцы.
Было гэта даўно. Адзін пан меў многа вёсак. Таму да кожнай прыставіў наглядчыка-войта, каб той сачыў, як працуюць сяляне. Войты былі злоснымі людзьмі. Яны нікога не шкадавалі і застаўлялі працаваць з ранку да вечара.
I адзін такі войт пакахаў сялянскую дзяўчыну, хацеў з ёй ажаніцца. Але дзяўчына была гордая і паставіла гарбуза войту. Разгневаны войт выкраў яе.Тады бацька і брат сялянкі паехалі па яе, каб выратаваць з рук злога наглядчыка. А маці сказалі запрагаць коней, збіраць дзяцей і бегчы з вёскі. Маці доўга ехала, сілай гнала наперад коней. Але коні хутка стаміліся, жанчына засталася на месцы і чакала, што будзе далей.
Тут яна пачула тупат капыт. Адразу падумала аб тым, што наглядчык гоніцца за ёй. Але гэта быў яе муж, сын і дачка. Усе разам яны памчаліся, куды вочы глядзяць, прабіваючыся і цярэбячы ўсё, што на шляху сустракалася.
Выбраўшы месца, дзе нават пан не пройдзе, сям'я спынілася. Заснавалася і стала жыць шчасліва. Вёску сваю назвалі Церабень, таму што церабіліся яны да яе вельмі доўга.
Раней на мясцовасці, дзе зараз знаходзіцца вёска Чухава, было непраходнае балота, раслі дубовыя гаі, вадзілася шмат дзікіх звяроў. Таму людзі сюды ніколі не хадзілі.
Аднойчы ў гэту мясцовасць зайшоў падарожнік. Што яго сюды прывяло, ніхто не ведае. Вандроўнік па дарозе вельмі стаміўся і не заўважыў, як заснуў пад дрэвам. А раніцай, каб сагрэцца пачаў падскокваць і прыгаворваць: "Ну і зачухаўся я ўчора!" (зачухацца - стаміцца). Адсюль і пайшла назва вёскі.
Але існуе і іншая версія.
     Жыў-быў аздін чалавек - бортнік. Цяжка яму жылося, прыходзілася шмат працаваць, каб пракарміцца.
Аднойчы, як заўсёды, пайшоў ён у лес. Цяжкія думкі віліся ў галаве бортніка. Усюды глядзіць - і вачам сваім не верыць: пчолы ўюцца, і столькі іх многа, што, здавалася, неба пачарнела. Куды не глядзеў ён - усюды, у кожным дрэве дупло было. Прывёў бортнік сюды сваю сям'ю. Але працаваць было вельмі цяжка. Таму бортнік суседзяў пачаў падгаворваць, каб і тыя да іх прыязджалі. Тыя ж ніяк не ехалі. Жонка падскочыла да бортніка і давай яго праклінаць. А ён гаворыць: "Ну і зачухаўся я сёння з табой!". Адсюль і назва вёскі Чухава.




Беларуская тапанімія ўжо не раз была прадметам увагі вучоных, краязнаўцаў, публіцыстаў. Па гэтай праблеме напісана нямала кніг, навуковых прац, абараняліся дысертацыі. Вялікі інтарэс да яе існуе і ў наш час, калі людзі спрабуюць глыбей зразумець свае мінулае, побыт і справы сваіх продкаў, іх адносіны да прыроды.
Тапаніміка мае важнае значэнне не толькі ў гісторыі ці геаграфіі, але і ў сферы мовазнаўства. Нездарма ж ёй займаліся і займаюцца многія пісьменнікі і паэты, літаратуразнаўцы. Тут яны шукаюць вытокі слова, прагледжваюць яго развіццё і эвалюцыю з цягам часу, спрабуюць зразумець яго пачатак і яго канец.
На тэрыторыі Пінскага раёна налічваецца 180 населеных пунктаў. У кожнага свая назва, за якой скрываюцца адказы на пытанні: чаму гэтая вёска з'явілася менавіта на гэтым месцы? Хто быў заснавальнікам, першапасяленцам? Чым займаліся нашы продкі? Якія дрэвы раслі ў той ці іншай мясцовасці?
У сваёй працы я паспрабавала адказаць на гэтыя пытанні, а таксама запісаць сабраныя мною легенды пра паходжанне некаторых вёсак.
Аналіз фактаў паказвае, што ў Пінскім раёне вельмі многія вёскі атрымалі сваю назву ад імёнаў ці прозвішчаў першапасяленцаў і ўладароў. Вялікая група айконімаў звязана з назвамі раслін і жывёл. Адлюстравалася ў назвах геаграфічнае палажэнне паселішчаў, іх знешні выгляд, светапогляд  жыхароў, іх асноўныя заняткі.
Аднак поўнасцю растлумачыць нават палову назваў мне не ўдалося. А гэта значыць, што працы ў гэтай сферы непачаты край. I брацца за яе патрэбна ўжо зараз, каб як мага хутчэй апраўдацца перад гісторыяй, перад нашымі продкамі, якія сваімі працавітымі рукамі вывелі Беларусь на шлях цывілізацыі. Адно гэта абавязвае нас шанаваць у памяці ўсё, што звязана з іх жыццём, каб гэтак жа  некалі шанавалі і нас будучыя пакаленні.






СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1.                      Баханькаў А. Я. і інш. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. - Мн.: Народная асвета, 1979
2.                      Белая Русь: Легенды і паданні. / Уклад. М. А. Зелянкова. - Юнацтва, 2001
3.                      Брэстчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. / Апрац. А. М. Ненадаўца. - Мн.: Беларусь, 1995
4.                      Дуброўскі А. Палігон. - Мн., 2004
5.                      Лыч Л. М. Назвы зямлі беларускай. - Мн.: Універсітэцкае, 1994
6.                      Юрэвіч У. Слова жывое, роднае, гаваркое.: Навукова-папулярная кніга. -Мн.:Юнацтва, 1992
7. http://belaruscity.net/pinsk/towns.php
8. https://belkraj.by/karta/pinskiy-rayon






























                                       Дадатак

Групіроўка населеных пунктаў Піншчыны

Групы:
1.                     Ад назваў рэк і азёраў, на берагах якіх яны ўзніклі (ад гідронімаў):
Пінкавічы
2.                     Ад шырока распаўсюджаных назваў на Беларусі дрэў, кустоў, траў, грыбоў, звяроў, птушак, рыб:
Бярозавічы
Беразцы
Бобрык
Боркі
Вяз
Дубае     Забароўцы
Ліпнікі
Лісяцічы
Лосічы
Мокрая Дубрава
Чамярын
3.                     Ад асаблівасцей геаграфічнага становішча, велічыні і другіх асаблівасцей саміх пасяленняў:
Астравічы
Ахова
Востраў                    
Высокае
Гарадзішча Заазер'е
Кончыцы
Круглае
Ласіцк
Мястэчка
Новы Двор
Плотніца
Пагост
Парэчча
Пасянічы
Селішча

4.                     Ад асаблівасцей навакольнага асяроддзя:
Аснежыцы
Валішча
Вешня
Галева                                                                               
Горнава
Грыўковічы
Заполье
Канатоп
Камень
Парэ
Плоскінь
Рудка
Ставок
Церабень
Хлябы

5.                     Ад занятку жыхароў пасяленняў у мінулым, розных прыстасаванняў працы, якія выкарыстоўваліся продкамі:

Ганчары
Камень
Канюхі Кашавічы Таргашыцы Сташаны Хлябы Стытычава

6.                     Ад этнічнага, сацыяльнага саставу, светапогляду жыхароў у мінулым:
Баяры
Балгары
Вулька-Лаўская
Вялікая Вулька                                                                 
Добрая Воля
Завідчыцы                                                                             
Камень
Чухава
7.                     Ад прозвішчаў і імёнаў перасяленцаў, заснавальнікаў або ўладальнікаў (ад патронімаў):
Ахова
Барычэвічы
Боркі
Дамашыцы
Жабчыцы
Жоўкіна
Завідчыцы
Іваннікі
Калавуравічы
Каўбы
Кончыцы
Круглае
Купяцічы
Лямяшэвічы
Лапаціна
Лосічы
Малоткавічы
Марозавічы
Парэ
Парахонск
Пасянічы
Паняцічы

Сушыцк

Комментариев нет:

Отправить комментарий