Да дня роднай мовы. Сцэнар
21 лютага – День роднай мовы
“Не пакідайце ж мовы роднай…”
Мэты: абуджэнне павагі да слова,
імкнення захоўваць сваю культуру і культуру іншых народаў; развіццё сродкамі
мовы інтэлектуальнай, эмацыянальнай, эстэтычнай, маральнай сфер асобы
навучэнца; выхаванне павагі да ўсяго роднага, беларускага.
На сцэну пад музычнае суправаджэнне песні на
сл. Я.Коласа
“Мой родны кут”выходзяць вядучыя.
Вядучы 1. Хто забыў сваіх продкаў –
сябе губляе.
Вядучы 2. Хто забыў сваю мову – усё
згубіў.
Вядучы 1.Добры дзень, паважанае спадарства!
Вядучы 2. Прывітанне, шаноўныя сябры!
Вядучы 1. 21 лютага ва ўсім свеце
адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Чаму для святкавання быў абраны гэты
дзень?
Вядучы 2. 21 лютага ў далёкім для нас
1952 годзе загінулі 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бенгалі статуса
дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала
незалежнай дзяржавай Бангладэш. Адзначаецца гэты дзень з 2000 года.
Вядучы 1. Сёння ў свеце шмат цудоўных
моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю.
Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён
размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі.
Вядучы 2. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца
на сваю мову, не шануе яе. Для нас, беларусаў, роднай мовай
з’яўляецца - беларуская мова.
Вядучы 1. У фармаце сённяшняга свята мы
прапануем вам акунуцца ў чароўны свет роднай мовы, паслухаць, як гучыць яна не
толькі на ўроках, але і ў выкананні навучэнцаў нашагакаледжа.
На фоне ціхай мелодыі навучэнцы чытаюць
вершы.
Вядучы 2. Чытач 1.Юрась Свірка.
Верш “У нас сваiх хапае слоў”.
У нас сваiх хапае слоў
Крамяных,
росных,
васiльковых
Ад мурагоў i ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
У нас хапае слоў сваiх
Іх пазычаць няма патрэбы.
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбiнi ўлетку неба.
Сваiх хапае слоў у нас
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
I заклiкаюць на змаганне.
У нас хапае слоў такiх
Чысцюткiх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяшчоту, ласку i каханне.
Хапае слоў i гаманкiх,
I мяккiх, як у лузе травы,
І, чуйна слухаючы іх,
Запамінай не для забавы.
У нас хапае рэдкiх слоў,
I палюбi ты iх бязмежна.
Яны ад чысцінi снягоў
I ад пялёсткаў беласнежных.
Яны ўвабралi звон крынiц,
Шум лесу i дыханне ночы...
Ад лiўняў i ад навальнiц –
Грымяць, iскрацца i шапочуць.
Журыцца ўмеюць i звiнець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Iх трэба сэрцам разумець
І ўмець знаходзіць у народзе.
Чытач 3. Ніл Гілевіч. Верш “Як ты
дорага мне, мая родная мова!”
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае "мама"
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
І буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз:"Беларусь, маясонца-краіна!"
І цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю,моваў на свеце нямала,
І з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр-неўміручы Купала.
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю-
Не дазволю.
Не дам.
Не прадам.
Не змяняю.
І да смерці за волю тваю пастаю!
Чытач 3. Пятрусь Броўка. Верш “Калі
ласка”
У любiмай мове, роднай, наскай,
Ах, якiя словы: "Калi ласка!.."
Як звiняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё iдуць са мною.
Трапiць госць у будзень, а цi ў свята:
– Калi ласка, калi ласка, ў хату!
Не паспелi сесцi пры сустрэчы,
Як патэльня засквiрчэла ў печы,
Ды i чарка блiснула дарэчы.
Бульба, смажанiна i каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калi ласка!
Хлопец кажа дарагой дзячыне:
– Калi ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.
Гром грымiць. З нябёсамi размова:
– Калi ласка, цёплы дождж вясновы!
I не вельмi буйны i не рэдкi –
На сады, на пушчы, на палеткi,
На грыбы, на ягады, на кветкi...
– Калi ласка! – наш зварот бясконцы.
Мы гаворым ранiшняму сонцу:
– Калi ласка, сонца, выйдзi з хмары,
Радасцю аблашчы нашы твары,
Ты ўзнiмi з сабою нашы мары!
– Калi ласка!.. – нашай роднай мовы
Шчырыя i ветлiвыя словы.
Вядучы 1. Чалавеку трэба шмат чаго ведаць.
Трэба ведаць сваю мову і іншыя мовы. Трэба ведаць свае казкі і казкі іншых
народаў. Трэба ведаць танцы свае і танцы іншых народаў. Безумоўна, найлепш і
найперш трэба ведаць ўсё роднае. Нам з вамі трэба ведаць найлепш ўсё
беларускае.
Вядучы 2.А як нам лепш вывучыць беларускую мову?
Трэба слухаць і гаварыць з тымі, хтоведае яе. Трэба глядзець телеперадачы,
слухаць радыепередачы, чытаць кнігі на беларускаймове. Трэба прыслухоўвацца
да роднай мовы і ўбіраць усё самае цікавае, што засталося
нам у спадчыну.
Вядучы 1. А ці любіце вы жарты, ці ўмееце
вы адгадваць беларускія загадкі?
Вядучы 2. Калі ўмееце, дык паспрабуйце
адгадаць. Мы будзем задаваць пытанні, а вы ўважліва слухайце і
старайцеся даць правільны адказ.
Загадкі-жарты
1. Пад імі блытаюцца, калі
замінаюць, іх бяруць у рукі, калі хутка ўцякаюць; іх не чуюць пад сабою тыя,
хто бяжыць. (ногі)
2. У няўмелага, незграбнага
чалавека яны дзіравыя; у таго, хто схільны да крадзяжу — доўгія; у майстра —
залатыя; імі нават можна заграбаць жар, калі яны чужыя. (рукі)
3. Ён гладка ходзіць у таго, хто
ўмее лёгка і прыгожа гаварыць, і заплятаецца ў чалавека, які невыразна
гаворыць. (язык)
4. За яго можна вадзіць, з ім
можна застацца, калі падмануць, ашукаюць. Ім можна кляваць. (нос)
5. Ёю можна біцца аб сцяну,
яна можа ісці кругам, без яе можна застацца. (галава)
6. Бессаромны чалавек пазычае іх
у сабакі, на іх іншы раз лепей не паказывацца, з іх могуцьсыпацца іскры.
(вочы)
7. Міма іх можна ўсё прапускаць,
яны могуць завянуць, за імі можа трашчаць. (вушы)
8. Яе можна малоць у ступе, па
ёй можна пісаць віламі, з яе можна выйсці сухім. (вада)
9. Вярхом сядаю, на каго – не
знаю, знаёмага ўбачу – адразу падскочу.
(Капялюш)
10. Хто
ходзіць з ранку на чатырох, у дзень – на двух, а вечарам – на трох?
(Чалавек)
Вядучы 2. Малайцы! Сапраўды, умееце
адгадваць загадкі-жарты. Ну, а зараз прапануем вам перапынак. У ім вы ўбачыце пастаноўку
беларускай народнай казкі “Падарожнікі”.
Пастаноўка беларускай народнай казкі
“Падарожнікі”.
На сцэну выходзяць тры падарожнікі.
Вядучы 1.Ці то полем, ці то лесам ішлі тры
падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі.
Раптам чуюць — спявае нехта.
Прыслухаўся першы:
— Відаць, жаўранак.
— Не, гэта лес шуміць.
Вядучы 1.А трэці прыпаў вухам да
зямлі і прашаптаў:
— Ды гэта ж зямля наша спявае.
Вядучы 1. Вось якая яна, наша зямля беларуская.
Таму ў нас і песні, такія прыгожыя.
(Падарожнікі ідуць са сцэны.)
Выконваецца беларуская песня “Заспявай,
салоўка”.
Вядучы 2: Родная мова шмат
не патрабуе. А калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе
такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак.
Ці хоць часам пра яе думаць. Каліхоць палова з тых 74 %,
якія падчас апошняга перпапісу назвалі роднай мовай беларускую,
падумае пра яе лёс – значыць, не ўсё яшчэ страчана.
Вядучы 1: Калі ты чуеш яе – ці то
сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, абомясцовую дыялектную
– ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не
адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не
падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасцьбеларусаў на сваёй зямлі.
Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларускаямова
была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.
Вядучы 2. А цяпер мы запрашаем усіх
прысутных паглядзець самаю цудоўную рэкламу беларуская мовы “Смак роднай мовы”,
якая дапаможа пашырыць вашы веды пра багацце нашай роднай беларускай мовы.
Рэклама беларуская мовы. Відэафільм “Смак
мовы”- 5.00
Вядучы 1: Дзень роднай мовы
асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы
без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная
мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Вядучы 2: Ці можна адчуваць сябе
сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы, калі не ўжываеш родную
мову? Напэўна, не. Некалі Францішак Багушэвіч казаў: «Мова — гэта «адзежа
душы». Няхай жа душа беларускага чалавека, нарэшце, апранецца ў сваё адзенне, сатканае
з такой прыгожай, звонкай беларускай мовы!
Вядучы 2. Паважаныя слухачы запомніце
10 запаведзяў аб мове:
Віктар Швед
1.Мову родную беражы.
2.Мовай роднаю даражы.
1.Мову родную шануй.
2.Мовай роднай не гандлюй.
1.Мову родную любі.
2.Мовы роднай не кідай.
1.Мову дзецям перадай.
2.Мовы не аддай на здзек.
1.Толькі з ёю жыцця век.
Вядучы 1. І закончыць наша выступленне
хацелася б словамі Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць
па-свойму - на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае
песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае - гэта спадчына дзядоў і вялікі
нацыянальны скарб.
Вядучы 2. Толькі тады цябе ўсе будуць
шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць - калі не адкінеш свайго
нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны - гэта родная мова”.
Вядучы 1. Да пабачэння!
Вядучы 2. Да сустрэчы!
Комментариев нет:
Отправить комментарий