понедельник, 31 октября 2016 г.

Прадстаўляю вашай увазе падборку выказванняў беларускіх пісьменнікаў пра нашу родную, мілагучную, спеўную мову! Матэрыял можна выкарыстоўваць пры правядзенні ўрокаў, адкрытых мерапрыемстваў, а таксама пры святкаванні Дня роднай мовы - 21 лютага.


Радкі беларускіх аўтараў
пра родную мову
Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я. Колас)

Я - беларус, і я шчаслівы, 
Што маці мову мне дала, 
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля. (Н. Гілевіч)

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я. Сіпакоў)

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім. (М. Танк)

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,
Каб звонка звінела, была, як агонь. (П. Броўка)

Мова - гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І. Мележ)

Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму - на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае - гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць - калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны - гэта родная мова. (З. Бядуля)

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В. Ластоўскі)

Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф. Багушэвіч)

Я закаханы ў матчыну мову, а ёю пахнуць хлеб і малако. (С. Грахоўскі)

Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)

Роднае слова - гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет
(Я. Колас)

Якія цудоўныя назвы і словы,
Якая цудоўная родная мова!
І ўсё мілагучна для слыху майго:
І звонкае "дзе", і густое "чаго". (П. Панчанка)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я. Колас)

Багата, родная ты мова,
Цябе стварыў і ўзнёс народ.
А вобразы якія ў словах,
А параўнанняў што за ўзлёт! (П. Броўка)

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова! (У. Дубоўка)

Ігнараваць мову - гэта значыць ігнараваць народ, нацыю. (П. Пестрак)

Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы ў сэрцы не чуем.
Мілагучнасцю любых нам слоў,
Быццам музыкай, душы чаруем. (Л. Геніюш)

Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым пайшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет. (А. Пысін)

Ад абразы, ад позірку злога,
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні - матчына слова
Мне, як бору, цябе засланяць? (Р. Барадулін)

Пароль неўміручасці - родная мова. (П. Макаль)

Дык шануй, Беларус, сваю мову - 
Гэты скарб нам на вечныя годы. (І. Грамовіч)

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. 
(Ф. Скарына)

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая.
Як раса, як сляза, як зара. (П. Панчанка)

Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўдзеў чужую апратку - той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям'і. І на яго браты глядзяць як на чужынца. (Цётка)

Не цурайцесь роднай песні
Ў шчасці і ў жалобе. (Я. Купала)

Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю - 
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю. (П. Панчанка)

Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. (А. Крывіцкі)

Хоць яго з поля, як зелле, высмоктвалі,
Не забывалася ў долі нясытае, -
Не забывалася ў долі нясытнае, - 
Намі навечна ў насевак усыпана
Роднае слова. (М. Лужанін)

Хто забыў сваіх продкаў - сябе губляе, хто забыў сваю мову - усё згубіў. (У. Караткевіч)

Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сне. (Я. Купала)

Не забудзьма ж нашчадкам сваім
Перадаць у нязменнай красе
Наша добрае слова. (А. Вялюгін)

Ведай: роднае слова грымела
У крывавым агні барыкад,
За свабоду адважна і смела
Заклікала ў паход, як набат. (Н. Гілевіч)

Дарагая, магутная мова народа майго! Ты жыць вечна будзеш! ("Полымя")

У бліндажы, ў траншэі вузкай,
Хоць бой упарты бушаваў,
А роднай мовы беларускай
Ніколі я не забываў. (П. Прануза)

Можа, мовы чужой навучуся,
Каб суседзяў гасцінна вітаць,
Але толькі на ёй, беларускай,
Буду людзям аб долі спяваць. (Л. Геніюш)

Хто ж нас абакраў зухавата?
Хто ў душах святое забіў?
Ніхто без віны вінаватай
Адвечную мову зрабіў? (В. Жуковіч)

Радзіма мая дарагая,
Красуйся і вечна жыві! (А. Бачыла)

О Радзіма, табой напоўнена сэрца да краю!.. (П. Панчанка)

Хіба ж ёсць у свеце шчасце лепшае, як пад небам бацькаўшчыны жыць? (В. Вітка)

Яснага блакіту табе. зямля бацькоў, родны кут! (Р. Барадулін)

Зямля Радзімы! Ў сэрцы боль салодкі
Хто не адчуў, сустрэўшыся з табой? (А. Звонак)

Няхай краса любімае зямлі
У задушэўнай песні адгукнецца. (А. Астрэйка)

Хай праменяцца дні,
Беларусь, над тваімі палямі,
Зелянеецца рунь,
Наліваецца колас цяжкі. (Г. Пашкоў)





2 комментария: