Роднае
слова
Роднае слова. Яно ўваходзіць у наша жыццё
з вуснаў маці яшчэ ў маленстве. У ціхім журчанні матчыных песень - калыханак, у
яе пяшчотных ласках мы пачынаем улоўліваць яго своеасаблівыя формы і гучанне.
Потым у бесклапотным дзяцінстве яно
ўводзіць нас у дзівосны навакольны свет. Як чароўны ключ, адкрывае нам роднае
слова разнастайныя цуды і таямніцы жыцця, уносіць нас у захапляючую далячынь
падзей у бабульчыных казках і легендах.
Затым у школе мы сустракаемся з ім на
старонках кніг. Клапатлівыя настаўнікі расчыняюць перад намі дзверы ў гэтае
бяскрайняе мора родных слоў. Па яго прасторах мы накіроўваемся ў далёкія
вандраванні. Перад намі паўстае наша вялікая краіна. Мы чуем шум яе гарадоў,
магутны гул нашых фабрык, заводаў і электрастанцый. За бясконцымі шарэнгамі
родных слоў у кнігах перад нашым зрокам праходзіць уся зямля, яе разнастайная
прырода, яе шматвяковая гісторыя, розныя народы, іх звычаі і лёс.
Пасля мы забіраемся ў бяздонныя глыбіні
гэтага мора слоў, адкрываючы там багацейшыя скарбніцы думак нашага народа, яго
культуры.
Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца
нам у гучанні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга
ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і
пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак, то суровае і грознае, як
навальнічныя хмары.
А.
Крывіцкі
Комментариев нет:
Отправить комментарий