понедельник, 31 июля 2017 г.

Проба пяра: першыя крокі

Урачыстае мерапрыемства на Маларыцкай зямлі



25 мая 2017 года на базе ўстановы адукацыі “Маларыцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” адбыўся трэці (заключны) этап конкурсу “Проба пяра” сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. У гэты дзень маларыцкая зямля гасцінна сустракала таленавітых юнакоў і дзяўчат Берасцейшчыны.
Вядома, што сучасная моладзь “выхоўваецца” з дапамогай сусветнай павуціны, зносіны паміж падлеткамі часцей адбываюцца праз сацыяльныя сеткі, але нішто не заменіць жывога слова, а асабліва вершаванага радка.
Урачыстае мерапрыемства адкрыла загадчык кабінета ДУ “Брэсцкі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесіянальнай адукацыі” Шумская Наталля Іосіфаўна, якая звярнулася да прысутных навучэнцаў і выкладчыкаў са словамі падзякі за плённую працу, пажадала поспехаў у конкурсе і творчых дасягненняў у будучым.
Нягледзячы на малады ўзрост, канкурсантам было чым здзівіць кампетэнтнае журы з ліку выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Са сцэны гучалі вершы, байкі, эсэ, нататкі падарожніка, ліст да сяброўкі на рускай і беларускай мове.
Установу адукацыі “Пінскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” прадстаўляла на конкурсе навучэнка 2 курса групы 23 Латышэвіч Надзея. За паспяховае выступленне яна была адзначана Дыпломам III ступені. Творчая работа Надзеі “Адрас сустрэчы – Піншчына” прадстаўляе сабой нататкі падарожніка, які апынуўся на Палессі. Аўтар апісвае архітэктурныя помнікі Піншчыны, наведвае парк Дубае, літаратурны музей ластаўкі беларускага Палесся Яўгеніі Янішчыц у в. Парэчча, спыняецца ў пасёлку Лагішын каля ўнікальнага суседства двух храмаў: праваслаўнага і каталіцкага, а таксама не мінае сталіцу Палесся – старажытны Пінск.
Варта адзначыць, што будучая прафесія Надзеі “Аператар ЭВМ, прадавец” ніяк не звязана з літаратурнай дзейнасцю, таму прыемнае ўражанне засталося ад яе першых творчых крокаў. Па выніках конкурсу Надзея атрымала заслужаную ўзнагароду і цёплыя словы падзякі ад дырэктара “Брэсцкага АВМЦ ПА” Шкілюка Дзмітрыя Уладзіміравіча.
Хочацца верыць, што ўдзел у конкурсе “Проба пяра” пакінуў Латышэвіч Надзеі зарад бадзёрасці, добры настрой, новых сяброў, а галоўнае - у яе не знікла жаданне пісаць, тварыць, марыць, рабіць крокі да новых дасягненняў на літаратурнай ніве. Пажадаем ёй поспехаў!

Факадзей Т.С., выкладчык УА “Пінскі ДПЛ СВ”

Комментариев нет:

Отправить комментарий