пятница, 5 мая 2017 г.

Адрас сустрэчы - Піншчына

Матэрыялы абласнога конкурса "Проба пяра". Работа Надзеі Латышэвіч, навучэнкі групы 23 УА "Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці"


Нататкі падарожніка



Адрас сустрэчы –  Піншчына

Вось і зіма мінула. Не за гарамі лета – любімая пара для адпачынку і падарожжаў. Напэўна, нямала часу будзе страчана на пошукі ў інтэрнэце інфармацыі пра выбранае месца для падарожжа. Ніхто не спрачаецца, што інтэрнэт – самы выгадны варыянт. Але ці ўсё ён выдае?
Сёння я вам шлю прывітанне з глыбінкі Палесся –   . Не сумняваюся, што ўсе вы скажаце: “Ведаем, дзе Палессе!” Яшчэ два-тры факты пра Палессе прыгадаеце. Але ўсё ж да сваіх ведаў дадайце і маю інфармацыю  пра гісторыю палескага краю. У народзе так кажуць: “Веды за плячыма не насіць.”
Пачнем з таго, што месцазнаходжанне нашага раёна на поўдні рэспублікі Беларусь самае выгаднае: чыгунка Брэст – Пінск – Калінкавічы і чатыры галоўныя аўтамабільныя дарогі  аб’ядноўваюцца ў транспартны вузел. Адлегласць да Мінска – 300 кіламетраў, да Брэста 175 кіламетраў. А калі ўзяць у рукі турыстычны даведнік, аздоблены каляровымі фотаздымкамі, то адразу відаць, што мясціны Пінскага раёна маюць што паказаць падарожніку, які не раўнадушны да помнікаў гісторыі і культуры, які ўмее ацаніць тое, што засталося ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў палешукоў. Нашаму палескаму краю ў студзені споўнілася 77 гадоў. Можна сказаць, што ён равеснік нашых прабабуль і прадзядуль. На карце ён выглядае маленькім, а на самай справе яго працягласць 120 кіламетраў. Палессе – край водны. У нас на Піншчыне 14% тэрыторыі занята балотамі, 15 рэк і 9 азёр.
Вядомыя ўсім Агінскі і Днепра-Бугскі каналы таксама знаходзяцца на Піншчыне. Калісьці гэта былі галоўныя транспартныя артэрыі Палесся. Агінскі канал аб’ядноўваў воднай магістраллю Нёман, Шчару, возера Выганашчанскае, Ясельду, Піну, Прыпяць, Днепр, а ў выніку аб’ядноўваў два моры – Балтыйскае і Чорнае. Сваю назву канал атрымаў ад прозвішча Слонімскага магната Міхаіла-Казіміра Агінскага, які і стаў ініцыятарам яго буданіцтва. Днепра-Бугскі канал на Піншчыне быў пабудаваны ў 1775 годзе на загаду караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і называўся “Каралеўскім”. Аб’ядноўваў Піну з Мухаўцам, звязваў Пінск рэкамі Буг і Вісла з Балтыкай. Сёння гэтыя каналы маюць гістарычную каштоўнасць гідратэхнічных збудаванняў.
Калі вы хрысціяне, паважаеце веру і праваслаўную, і каталіцкую, тады, рухаючыся па дарозе Івацэвічы-Столін, не забудзьце спыніцца ў пасёлку Лагішын. Назву ён атрымаў, як апавядае легенда, ад слова “лог” – луг, упадзіна. Мае 465 - гадовую  гісторыю (1552-2017). Візітнай карткай пасёлка з’яўляюцца два храмы: праваслаўны і каталіцкі. Яны стаяць побач. Мясцовыя вернікі жывуць мірна і з узаемнай павагай. Касцёл Святых Пятра і Паўла вядомы тым, што ў ім знаходзіцца цудатворная ікона Маці Божай Лагішынскай. Гэтую ікону шануюць і католікі, і праваслаўныя. Цудам, здзейсненым гэтай іконай, лічаць  выратаванне Лагішына ад знішчэння немцамі ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі ўсе вёскі навокал пагарэлі, і тое, што Лагішын застаўся ў сваёй веры, не здрадзіў ён ні ў часы царскага ўціску, ні ў савецкія часы.
Па дарозе на Ганцавічы, у вёсцы Лышча, ёсць праваслаўны храм, у якім гэтаксама знаходзіцца цудатворная ікона. Вернікі мясцовыя ведаюць цікавыя гісторыі з жыцця, звязаныя з цудадзейнай сілай абраза Спаса. За тры кіламетры ад вёскі б’е невялікая крынічка. Кажуць, што яе вада лечыць вочы, дае сілу валасам.
Для тых, хто любіць паэтычную творчасць палескай ластаўкі Яўгеніі Янішчыц, ёсць магчымасць пабываць на яе радзіме. За Ясельдай ёсць вёска Рудка. Там стаіць хатка, у якой расла будучая паэтка. А ў вёсцы Парэчча, у мясцовай школе, гасцінна для вас адчыніць дзверы музей імя Яўгеніі Янішчыц.
У Парэччы ў 19 стагоддзі знаходзіўся радавы маёнтак старажытнага палескага роду Скірмунтаў. Тут  быў закладзены парк у англійскім стылі. Раман Скірмунт пахаваны ў Парэччы. На жаль, час знішчыў і маёнтак, і парк. Ад былой прыгажосці засталося толькі некалькі каштоўных парод дрэў-старажылаў.
На захад ад Пінска, за ракой Прыпяць, ёсць вёска Дубае. У канцы 1598 года багаты шляхціч Ян Папоў заклаў парк, але ўжо ў французскім стылі. Парк быў вядомы не толькі рэдкімі пародамі дрэў, але і прыцягваў увагу батанікаў, мастакоў, проста вандроўнікаў. Нават сам кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі  наведваў парк. Вядомы рускі гісторык Б. Бранеўскі наведваў Дубае ў 1810 годзе і пра ўбачанае напісаў так: “Это что-то необычное… Этот парк построен по образцу французского Версаля”.
Але адкуль бы вы не ехалі на Піншчыну, вам не абмінуць сталіцу Палесся – старажытны Пінск. Пінск – гэта асобная гісторыя, майму гораду у гэтым годзе споўніцца 920 гадоў. Асабліва запамінаецца нашым гасцям не толькі пешаходная экскурсія па горадзе, але і па рацэ Піне на цеплаходзе. А ўбачыўшы горад сваімі вачыма, можаце параўнаць яго з апісаннем Якуба Коласа з трылогіі “На ростанях”.
Дарэчы, хто ведае біяграфію класіка, той не абміне ўвагай вёску Пінкавічы, у якой захавалася хата – школа, дзе працаваў Якуб Колас, і ў якой знаходзіцца музей вядомага пісьменніка. А сёлета Беларусь адзначае яго 135-гадовы юбілей.
І хто ведае, можа хтосьці з вас, наведаўшы палескую зямлю, улюбіцца ў яе, як калісьці ўлюбіўся ў Пінск Уладзімір Караткевіч. І сваё падарожжа па Піншчыне мне хочацца закончыць менавіта яго словамі прызнання: “Пінск - адзін з самых любімых маіх гарадоў. Ён, як і Гродна, мае своё аблічча. Гэта горад з вялікай літары”.
Надзея Латышэвіч, навучэнка 2 курса
УА “Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй
сельскагаспадарчай вытворчасці”

1 комментарий: