воскресенье, 19 февраля 2017 г.

Вершы пра мову


Падборка вершаў беларускіх пісьменнікаў, прысвечаных роднай мове. Матэрыял можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы і літаратуры і пры правядзенні пазаўрочных мерапрыемстваў (напрыклад Дзень роднай мовы - 21 лютага) ...
Марыя Цімінская
Мова мая
Мова мая -
шум гаёў напрадвесні,
стан дзявочы бяроз,
звонкі спеў салаўя
і матуліны шчырыя песні -
мова мая. 
Мова мая -
гэта сола заранкі,
незабудак блакіт,
перазвон ручая
і над стрэхамі шапка буслянкі -
мова мая. 
Мова мая -
ціхі шэпат калосся,
ветру лёгкі павеў
і гудзенне чмяля,
кропка жаўранка ў паднябессі -
мова мая. 
Мова мая -
пах дзівосны язміну,
смак крынічнай вады,
ў небе сум жураўля,
за сялом карагода рабінаў -
мова мая.

Мова мая –
жалкаванне жалейкі,
горкі кнігаўкі плач,
любых рук дабрыня
і валошак махнатыя вейкі –
мова мая. 
Мова мая -
пералівы вясёлкі,
мяккі кужаль снягоў,
вечароў цішыня,
пад бажніцай купальскія зёлкі -
мова мая. 

Мова мая -
то ўсмешка дзіцяці,
майго сэрца біццё
і пад сонцам - ралля,
хлеб духмяны ў бацькавай хаце -
мова мая. 

Мова мая -
ручнікі-абярэгі,
крыж расстайных дарог,
і сустрэч цеплыня,
і прамая дарога да Бога -
мова мая. 



Уладзімір Дубоўка
Родная мова, цудоўная мова!
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы на родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыцьзастаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.

Анатолій  Балуценка
Мова вернецца
Лясы свой голас маюць i лугi,
Калi падзьме зефiр цi моцны вецер,
Дуброва любiць спеў зусiм другi,
Бо непаўторны кожны голас ў свеце.
Журчыць ў цiшы прыветлiва ручай,
Ракочуць моцна ў буру рэчкi хвалi,
У галасах цi радасць, цi адчай,
Ды галасы нiколi не змянялi.
Ў чыёйсьцi песнi можа больш красы,
Ды ўзяць яе сабе няма спакусы,
Спяваюць на чужыя галасы
Адзiныя ў свеце беларусы.
Як ёсць цяпер, не будзе так заўжды,
Дасць людзям розум Бог абавязкова,
Няхай не зараз, пройдуць хай гады, 
Ды вернецца народу продкаў мова.

Пімен Панчанка
Родная мова
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі хто загадае: "Не трэба!" —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад...
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.

Максім Танк
Родная мова
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,—
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Няма на зямлі таго шчасця і гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такіх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на радзіму, туды, дзе сягоння
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і над песняй маёй,—
Над тым, што было і што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
I нівы васкросшыя закаласяцца,—
Ізноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Ізноў зазвініш ты ў кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сярэбраны гром
I вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.

Лідзія Полазава
Родная мова
Вы паслухайце родную мову:
Жаўруковаю песняй звініць…
Колькі фарбаў, адценняў у слове!
Як пявуча ліецца-гучыць!

Васількамі, рамонкамі шэпча
У квяцістых, раздольных лугах.
Гулкім рэхам гамоніць у зарэччы,
Салаўінаю трэллю ў гаях.

То шчымліва, журботна галосіць,
То вясёлкай над борам плыве.
Так у госці ласкава запросіць,
Так бяседу гасцінна вядзе!

Хай жа іскрыцца сонцам вясеннім,
Спелым коласам нівы шуміць!
У карагодзе кружыць вясельным
Веру, мова мая – будзе жыць!

Мілагучная і ласкавая!
Не згубілася ў цемры вякоў.
Мой святы пасаг, мая спадчына –
Мова родная, мова бацькоў!




Ніл Гілевіч
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае "мама"
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
І буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз:"Беларусь, мая сонца - краіна!"
І цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
І з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр-неўміручы Купала.
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю-
Не дазволю.
Не дам.
Не прадам.
Не змяняю.
І да смерці за волю тваю пастаю!

Алесь Гарадзенскі
Родная мова
Родная мова, матчына,
Як моцна цябе я люблю!
Ад продкаў дасталася ў спадчыну,
Якія даўно пайшлі ў зямлю

Родная мова, чароўная,
З нябёсаў дасталася нам
Мова , ты вельмі цудоўная
Пан Бог нам даў цябе сам

Родная мова, крыўная,
За цябе лілі кроў сыны
Псавалі цябе , катавалі ворагі,
А ты , як жыла , так й жывеш на Зямлі.
Янка Купала
Роднае слова
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Дый дарма: жывеш як жыло!

Свабоднае слова, ты, роднае слова!
Зайграй ты смялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,
Жывеш ты на хвалу людзей.

Загнанае слова, ты, роднае слова!
Грымі ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай чужой!
Пімен Панчанка
Родная мова
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Дратавалі, здзекваліся, мучылі...
Ты жыла і ў працы, і ў баях.
Пра цябе, як сонечнае дзіва,
І Купала, ды і ўсе мы снілі сны...
Ад цябе, ласкавай і праўдзівай,
Адракаюцца цяпер твае сыны.
Пра народ мой, церпялівы, працавіты,
Помняць партызанскія лясы...
Хто за намі? Пакаленне прагавітых.
Халуёў я чую галасы.
Я спяваў пра жыта і пра жаўранкаў,
Ненавідзеў акупантаў і прыгнёт,
А сягоння – вялікадзяржаўнікаў,
Што разбэсцілі вялікі мой народ.
Навучылі не рабіць –
Хлусіць і красці.
Дзеці ў школы з іншай моваю бягуць.
Я хацеў, нашчадкі, вас праклясці,
Ды люблю сваю зямлю... і не магу.

Пятрусь Броўка
Калі ласка
У любiмай мове, роднай, наскай,
Ах, якiя словы: "Калi ласка!.."
Як звiняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё iдуць са мною.
Трапiць госць у будзень, а цi ў свята:
– Калi ласка, калi ласка, ў хату!
Не паспелi сесцi пры сустрэчы,
Як патэльня засквiрчэла ў печы,
Ды i чарка блiснула да рэчы.
Бульба, смажанiна i каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калi ласка!
Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:
– Калi ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.
Гром грымiць. З нябёсамi размова:
– Калi ласка, цёплы дождж вясновы!
I не вельмi буйны i не рэдкi –
На сады, на пушчы, на палеткi,
На грыбы, на ягады, на кветкi...
– Калi ласка! – наш зварот бясконцы.
Мы гаворым ранiшняму сонцу:
– Калi ласка, сонца, выйдзi з хмары,
Радасцю аблашчы нашы твары,
Ты ўзнiмi з сабою нашы мары!
– Калi ласка!.. – нашай роднай мовы
Шчырыя i ветлiвыя словы.

Ніл Гілевіч
Родная мова
Мова родная мая ты,
Што і дзедавай была!
Мова  мамы, мова таты,
Мова нашага сяла!

Ты звініш, калі я ўранку
Чую песні за акном,
I журчыш, як бае байку
Мне бабуля перад сном.

Разгарну буквар вясёлы –
Зноў са мной гаворыш ты,
Мілагучная заўсёды,
Як званочак залаты.
Родная мова, бацькава мова
Родная мова, бацькава мова
Самая мне родная,
Самая прыгожая,
Мілая, цудоўная!

Трэба мову паважаць,
Бараніць яе,
Каб ніхто не мог зламаць
Слова беларускае!

Забываюць ўсе цябе,
Мовачка радзімая,
Ты адна ў маім жыцці,
Вера ты адзіная!

Радзіма...Мова...Маці..
Як прыемна гэта чуць!
Я гатова ўсе аддаць ім,
Каб аддаць - і не звярнуць!

Так жыві ж ты вечна,
Мовачка радзімая,
Самая мне родная,
Самая мне мілая!!!










5 комментариев:

  1. Цудоўная паэзія. Для душы...

    ОтветитьУдалить
  2. Мало,большие 😣

    ОтветитьУдалить
  3. Трэба не толькі чытаць і любавацца, а задумвацца у кожнае слова вершаў.Які вялікі філасофскі сэнс закладзены ў змест кожнага твора.Дзякуй за падборку.

    ОтветитьУдалить
  4. Слишком большое

    ОтветитьУдалить
  5. ОЙ СПАСИБООООО

    ОтветитьУдалить