Сцэнарый прызначаны для правядзення адкрытага мерапрыемства. Распрацаваны для навучэнцаў нашага ліцэя, якія атрымліваюць спецыяльнасць "Повар"
Сцэнар мерапрыемства “Беларускія прысмакі”
Сцэна ўпрыгожана ў выглядзе беларускай хаты. У цэнтры
стаіць стол, пакрыты вышываным абрусам, на стале беларускія стравы: гаршкі з
бабкай, каўбасы сялянскія, калдуны са смятанай, печаны яблык, хрушчы з бульбы, збан з квасам і іншае. На ручніку – каравай.
За сталом сядзяць тры хлопцы ў вышываных кашулях – госці. Збоку прадстаўлена
прэзентацыя. Іграе беларуская мелодыя, пад якую на сцэну выходзяць вядучыя –
дзяўчаты ў беларускіх строях.
Вядучы 1. Вітаем вас, шаноўныя
сябры, у гасціннай беларускай хаце!
Вядучы 2. Сёння мы з вамі
бліжэй спазнаем традыцыі беларускай нацыянальнай кухні.
Вядучы 1. Цудоўную і багатую
спадчыну маюць беларусы. Яна стваралася
нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца.
Вядучы 2. Нам зразумела, што
мы, моладзь – працяг папярэдніх пакаленяў і падмурак для будучых.
Вядучы 1. Сення мы
карыстаемся спадчынай продкаў, шануем і ўслаўляем свой родны край.
Верш “Мой край, мой рай
бульбянажытны” (чытае 1 юнак)
Урывак з рамана
Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”
Мой край, мой рай бульбянажытны!
Зеленадолы,
залаты!
Як спеў
матулі-старажытны,
Як песня
любай - малады!
Якіх ты меў
на зайздрасць свету
І цесляроў,
і маляроў,
І
летапісцаў, і паэтаў,
І
музыкантаў-дудароў!
…Калі на
свеце нехта дзесьці
Умее добра
працаваць,-
То ўмее ён і
смачна з’есці
І -
адпаведна – згатаваць!
Таму
дастойна, без эфекту
Прымай
падзяку-пахвалу-
І
беларускаму палетку,
І
беларускаму сталу!
Вядучы 1. Шматвяковую, вельмі
багатую і цікавую гісторыю мае беларуская кухня, якая аказвала ўплыў на кухні суседніх народаў -
рускую, украінскую, польскую, літоўскую, латышскую.
Вядучы 2. У сваю чаргу яны ў
значнай ступені ўплывалі на беларускую кухню. Беларус любіць смачна паесці. -А
без чаго нельга ўявіць сення і паўсядзенны, і святочны стол?
Вядучы 1. Канешне, без хлеба!
Хлеб – аснова ўсяго.
З хлебам ішлі на радзіны, у сваты, на вяселе. Хлеб-сімвал павагі да людзей.
Хлебам –соллю беларусы сустракаюць дарагіх гасцей.
Вядучы 2. Прыміце і вы ад нас гэты хлеб у знак пашаны. (уручаюць
каравай)
Вядучы 1. Хлеб -
неад’емная частка нашай нацыянальнай
кухні, наша штодзённая ежа. Цяжка ўявіць сабе беларуса, які не спажывае хлеб.
Смак нашага чорнага хлеба адчуеш толькі тады, калі некаторы час будеш
пазбаўлены магчымасці яго есці.
Верш “Адценне слоў” Пімен Панчанка (чытае 2 юнак)
Адценне слоў
– не глупства,
Ты ім не
пагарджай.
Скарынка.
Скіба. Луста.
Акраец.
Каравай.
Акраец –
шлях, дарога
І зайцаў
хлеб лясны.
Скарынка -
сум, трывога
І боль былой
вайны.
А скіба –
дзень вясновы.
Ралля.
Плугі. Сяўба.
Наш хлеб -
жыцця аснова,
Працяг і
барацьба.
А луста -
слова сытнае,
Духмянае і
шчодрае.
Яно ад маці
– сітнае.
Ці
наздравата-чорнае.
А каравай –
вясельнае,
Святочнае
яно.
На ручніку
нясе яно
І радасць, і
віно.
І справа тут
не ў ежы,
А ў смачным
змесце слоў,
І ў жытнім
ветры свежым,
І ў звоне
каласоў…
Вядучы 1. Па наяўнасці хлеба
меркавалі пра дастатак працоўнай сям’і.
Вядучы 2. Беларусы выхоўваўлі
павагу і беражлівыя адносіны да хлеба з дзяцінства. Калі кавалачак яго ці
крошкі выпадкова падалі са стала, то яго шаноўна падымалі, прасілі прабачэння ў
Бога, абціралі і з’ядалі самі, калі кавалак быў вялікі, ці аддавалі хатняй жывёле, але ніколі не
выкідвалі. Здзеквацца з хлеба – вялікі грэх.
Вядучы 1. З хлебам ішлі на
радзіны, у сваты, на вяселле... Хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей. У
працоўных абрадах беларусаў хлеб – сімвал павагі да лю-дзей, якія сваёй працаю
ўзрасцілі яго.
Вядучы 2. Шматлікія прыказкі
і прымаўкі пра хлеб, складзеныя беларусамі
гавораць аб тым, што асаблівая ўвага заўсёды ўдзялялася хлебу. (вядучыя па чарзе чытаюць прыказкі)
-
- Хлеб
– усяму галава
-
- Колькі ні думай, а лепш хлеба- сам не
прыдумаеш.
-
- Без золата пражывеш, а без хлеба- не.
-
- Без солі не смачна, без хлеба не
сытна.
-
- Маліна то маліна, але каб хлеба
скарына.
-
- Без кавалка хлеба кепская
бяседа.
-
- Калі ёсць хлеба край, то і пад кустом
рай.
-
- Хлеб
над усім пануе.
-
- Хлеб
у доме гаспадар, на працы – друг, к дарозе - таварыш
-
- Зямля- маці, а хлеб -бацька.
Вядучы 1Шмат добрых слоў
сказалі мы пра хлеб.
Вядучы 1А вось другім сваім
хлебам беларусы лічаць бульбу.
О бульба! Мы
цябе ўслаўляем, свой стол без бульбы не ўяўляем!
Ты, бульба,
хлеб другі ў нас. Спажыўных рэчываў запас.
Вядучы 1. У Беларусі бульба
з’явілася зусім нядаўна – каля двухсот
гадоў назад.
Вядучы 2. Бульбу вырошчваюць
і спажываюць ва ўсёй Еўропе, але самая смачная расце ў нас, на Беларусі:
прыродна-кліматычныя ўмовы спрыяюць вывядзенню сартоў з высокім утрыманнем
крухмалу і выдатным смакам. Нездарма
беларусаў называюць “бульбашамі”.
Вядучы 1. Бульба практычна не знікае са стала беларусаў ва ўсе поры
года. Яе вараць і тушаць, пякуць і запякаюць, фаршыруюць і начыняюць. З яе гатуюць
супы, салаты, піражкі, хрушчы і яшчэ шмат чаго смачнага. Беларусы
ведаюць каля тысячы страў з бульбы.
Печаная бульба — гэта казка,
Паскрабеш нажом — і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.
Паскрабеш нажом — і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.
Трапіш да кабеціны рахманай —
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.
3 нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў...
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.
Смажаць і гатуюць розных страў...
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.
Гэта ўрывак з верша ”Бульба” Пімена Панчанкі
Вядучы 1. Сення мы
прапануем вам хрушчы з бульбы. А гаршочак на стале таксама вабіць духмянай
бабкай. Частуйцеся, калі ласка!
Вядучы
2. А цяпер паслухайце некаторыя карысныя парады, якія дапамогуць
прыгатаваць бульбу: (чытаюць вядучыя па
чарзе)
- Каб бульба, звараная
ў лупінах, лягчэй ачышчалася, патрэбна адразу пасля варкі абліць яе халоднай
вадой.
- Каб смажаная бульба
была хрумсткай, саліць яе патрэбна ў канцы прыгатавання.
- Бульбу лепш варыць у
лупінах, у ей больш захоўваецца вітамінаў.
- У варанай бульбе
наогул захоўваецца больш вітамінаў, чым у смажанай.
- Смажаная
бульба горш пераварваецца страўнікам.
- Менш губляецца
вітаміна С, калі варыць бульбу на пары.
- Каб ачышчаная бульба
зварылася хутчэй і стала рассыпчатай, яе патрэбна трымаць пад струменем вельмі
халоднай вады.
- Каб цёртая бульба
для аладак не пацямнела, уліце ў яе крыху гарачага малака, ці дабаўце нацёртую
сырую цыбуліну.
- Калі патрэбна хутка
зварыць бульбу, пакладзіце ў ваду лыжку маргарыну.
- Саліць бульбу лепш
за 5-10 хвілін да канца варкі, дзякуючы чаму ў бульбе захаваецца больш
мінеральных солей.
- Бульбу лепш
варыць на невялікім агні. Калі агонь вялікі, зверху бульба разварваецца і
рассыпаецца, а ўсярэдзіне сырая.
- Адвараная бульба
будзе смачнейшай, калі дабавіць у ваду 2-3 долькі часнаку, лаўровы ліст ці
крыху кропу.
Вядучы 1. Карыстайцеся, калі ласка!
Вядучы 2. Нельга, канешне,
уявіць сёння наш стол без бліноў.
Вядучы 1. Бліны ў
беларусаў – не толькі адна з самых любімых штодзённых страў, але істаражытны
сімвал народных свят і абрадаў.
Вядучы 2. У розных рэгіёнах краіны з блінамі звязаны асаблівыя сакральныя традыцыі.
Бліны абавязкова гатавалі для рытуалу памінання памерлых, іх жа ў асаблівыя дні
ставілі на стол, частуючы духаў продкаў.
Вядучы 1. Вясной, першы раз
выганяючы жывёлу на пашу, сяляне абавязкова давалі пастуху блін, каб не
выводзілася жывёла. Лічылася, што гэтыя бліны таксама прызначаюцца
"дзядам".
Вядучы 2. З дапамогай бліноў
дзяўчаты варажылі на Каляды. А сустрэўшы свайго нарачонага, на другі дзень
вяселля маладая жонка абавязкова павінна была напячы бліноў і накарміць імі
гасцей.
Вядучы 1. У Шчодры
вечар 13 студзеня гаспадар на парозе дома зваў Мароза з бліном у руках.
Потым на святочны стол ставілі стос з 12 бліноў – па колькасці месяцаў,
разразалі крыж-накрыж на чатыры часткі, і ўсе члены сям'і бралі па кавалачку.
Так нібыта па спіралі "год" знікаў з талеркі.
Вядучы 2. І вядома, без
бліноў немагчыма ўявіць Масленіцу – старажытнае славянскае свята праводзін зімы і
сустрэчы вясны. Румяныя бліны здаўна сімвалізуюць Сонца, таму іх выпякаюць, каб
задобрыць бога вясны, цяпла і ўрадлівасці - Ярылу.
Вядучы 1. Бліны –адна з
самых папулярных у свеце страў з мукі, але ў кожнай нацыянальнай кухні ёсць
свае традыцыі і тонкасці гатавання. У Беларусі бліны (блінцы, мліны) пякуць
паўсюдна, у будні і святы. І, бадай, галоўная асаблівасць беларускіх бліноў –
выкарыстанне ў рэцэптах розных відаў мукі.
Вядучы 2. Акрамя тоўстых
бліноў беларусы вельмі любяць і тонкія –наліснікі.
З рознымі
начынкамі (з тварагу, павідла, мяса) іх падаюць гарачымі.
Вядучы 1. Штодзённа ў нашым
ліцэі можна пачаставацца сучаснымі блінамі. Гэта вельмі смачныя, духмяныя,
прывабныя канверцікі з румянай скарыначкай залацістага колеру.
Вядучы 2. Начынку можна
падабраць на любы густ. Зараз нашы бліны з каўбасой і сырам, аздобленыя маянезам.
Вядучы 1. Дзяўчаты стараюцца
смачна пачаставаць усіх і ў кожны канверцік укладваюць кропельку сваёй душы.
Вядучы 2. А зараз прапануем
пытанні для знаўцаў беларускай кухні. Адносіны беларусаў да ежы, да застолля
знайшлі свае адлюстраванне ў беларускіх народных прыказках. Зараз мы
будзем зачытваць пачатак прыказкі, а вы паспрабуйце яе закончыць. (чытаюць па чарзе, навучэнцы ў зале
адказваюць)
-
1. Дзе каша і аладка,
… (там будзе і грамадка).
-
2.
Кашу маслам ... (не сапсуеш).
-
1.
Сыты галоднаму ... (не таварыш).
-
2. Будзе час- … (будзе
квас).
-
1. Як ем - …(і глух, і
нем )
-
2. Чалавек
галодны..(ні на што не годны)
-
1. Смачна было, …(ды
блізка дно).
-
2. Як зварыш, …(так і
з'ясі).
-
1. На смачны кусочак…
(знойдзецца раточак).
-
2. Хлеб свежы…(смачны
для ежы).
-
1. Калі хлеб у возе, …
(то няма бяды ў дарозе).
-
2. Хто як працуе ...
(той так і есць)
-
1. Госць, не дзьміся,…
(еш, што ў місе).
-
2. Без капусты…. (на
стале пуста).
Вядучы 1. Так, беларус
любіць смачна паесці, але славіцца наш народ і сваёй гасціннасцю. Толькі госць
на парог – пачастунак на стол, і паспрабуй
тут нечага
не паспытаць – гаспадыня пакрыўдзіцца.
(чытаюць юнакі за сталом па чарзе)
Вось ты ў гасцях – і нават слоўца
Табе сказаць няма калі:
Вяндлінку з водарам ядлоўца
Мяцеш – за раз па два скрылі!
А побач – зірк! – як цуд, як казка –
З каляндрай, з перцам, з часнаком –
Ляжыць вясковая каўбаска,
Таксама ўвітая дымком!
К таму ж падсохла на гарышчы –
Дык толькі плеўка шапаціць!
Умэнт кальцо з паўметра знішчыў
Адно раз’ятрыў апетыт!
Калі ж дапаў да вантрабянкі –
Цягаць стамілася рука!
Глядзіш – а ўжо кіндзюк крывянкі
На блюда выклалі з гаршка!
О, гэны зверху і сысподу
Наскрозь усмажаны каўбух!
За чатырох змалоў – уходаў!
(Хоць сам ты лічыш, што за двух.)
Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
І ў паясніцы, – а на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
І парай дыхае пад столь:
З бакоў запечаная ў меру,
У бульбе скварачкі тырчаць... –
І так жа ўслед пайшла на змену –
Хоць замычы – каб не маўчаць!
«Усё!– сказаў. – На гэтым дзякуй!»
А на абрус – нясуць бліны
І к ім – мачанку-верашчаку
З наборам рэбрачак свіных!
Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:
«Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?»
І неўпрыкмет на два-тры вочкі
Паслабіў пас на жываце...
Ужо не здыхацца! Падпёрла –
Няйначай крушня камянёў!..
А перад носам... ставяць цёрла
Гарачых, тлустых калдуноў!
Калдун! Духмяны, сакавіты,
У масле ўсмяглы, а паўзверх –
Смятанкай свежаю паліты!..
Ну, што? Ізноў глядзіш як звер?
І адчуваеш, адчуваеш:
Няхай хоць згэтуль у труну –
А не зганьбуеш, не стрываеш –
Дасі прытул і калдуну!
Дасі!.. І добра зробіш, браце!
І не ўпікай дарма сябе!
Ты за ядой – як і на працы:
На малацьбе ці на касьбе!
Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, –
То ўмее ён і смачна з’есці
І – адпаведна – згатаваць!
Таму – дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу –
І беларускаму палетку,
І беларускаму сталу!
І цмокні ў ручку гаспадыні,
Каб сонцам пырснула яна,
І ўскінь яшчэ – а то астыне! –
Ускінь на сэрца... калдуна!..
Н.Гілевіч “Родныя дзеці”
Вядучы 1. Нельга не
закрануць сёння і любімы фрукт беларусаў – яблык. Яблыкі здаўна былі добра
знаёмай садавіной, і без іх не абыходзілася ніводная святочная бяседа. Але
справа была, вядома ж, не толькі ў смакавых якасцях яблыкаў — народ ведаў і
цаніў цудадзейную сілу гэтага дарунка прыроды.
Вядучы 2. Нездарма ж
нарадзілася мноства прыказак і прымавак пра яблыкі: - - "Любую немач
яблыкам заядзім",
-
"Месяц жнівень яблыкамі пахне",
-"На
другі Спас і жабрак яблык з'есць".
Вядучы 1. Нездарма ў народзе кажуць, што за дзень трэба з’ядаць
два яблыкі. Адзін – раніцай – для прыгажосці, другі – увечары –для здароўя.
Вядучы 2. Які ж яблык лічыцца самым смачным?
Вядучы 1. Вядома ж, той, што вырас у сваім садочку,
пасаджаны сваімі рукамі.
Вядучы 2. А чым жа запівалі
ежу нашы продкі?
Вядучы 1. Беларускія
напоі….. -яны заўседы прысутнічаюць на стале , адны з іх ужываюцца перад ежай
для апетыту, другія – пасля ежы ў якасці дэсерту, трэція – для задавальнення
смагі. Самым распаўсюджаным напоем на працягу шмат стагоддзяў у беларусаў быў
хлебны квас.
Вядучы 2. Яго
ўжывалі амаль што ўвесь год, але больш усяго летам. Адным з распаўсюджаных
напояў з’яўляецца бярозавы ці кляновы сок.
Вядучы 1. У вясну
сок спускалі з бяроз, прасякаючы кару. У ствале рабілі надрэз, куды забівалі клінок
у выглядзе маленькай лапаткі, па якой сок сцякаў у падстаўленую пасудзіну.
Вядучы 2. Пілі
сок як у свежым, так і ў кіслым выглядзе. Бярозавы сок злівалі ў бочкі, дабаўлялі
крыху цукру, па жаданні маглі дабавіць разынак, зачынялі і ставілі ў халоднае месца.
Пачыналі піць у летнюю пару.
Вядучы 1. Са
свежых або сушаных ягад, яблыкаў, ігруш, сліў варылі кампоты, адвары, кісялі.
Вельмі распаўсюджанымі былі адвары з ліпавага цвету, малінніку, мяты, зверабою,
бруснічніку, чабору.
Вядучы 2. Гэтыя адвары маглі піць як чай, а маглі
ўжываць у народнай медыцыне пры лячэнні розных захворванняў.
Вядучы 1. Напрыклад, журавінавыя морсы і кампоты добра
ўжываць пры прастудзе. Па-першае, журавіны аказваюць гарачкапаніжальны
эфект, па-другое, цудоўна праганяюць смагу. А журавінавы сок, змешаны
з мёдам, не толькі дапамагае змагацца з ангінай, але і павышае
імунітэт.
Вядучы 2. А цяпер інфармацыя для самых цікаўных слухачоў
– гэта старажытныя назвы беларускіх страў паводле твораў Уладзіміра
Караткевіча. Ці знойдзеце знаёмыя сярод іх? (вядучыя
чытаюць па чарзе)
Мачанка – страва з сала,
мяса ці каўбасы, падкалочаная мукой
Хрушчы – мучны выраб,
печыва
Лядоўня – склеп з лёдам
для захоўвання прадуктаў
Наліснікі – тонкія бліны
з пшанічнай мукі
Панцак – суп з пярловых
круп
Локшыны – самаробныя
макароны.
Крупеня – грыбны суп з
пярловымі крупамі
Кулага – густая каша з
мукі, аздобленая ягадамі
Жур –
негусты аўсяны кісель.
Збіцень – гарачае пітво з мёдам і спецыямі.
Ламанцы – даўняя мучная страва..
Пячыста – усякае смажанае мяса.
Узвар – адвар з ягад, траў і інш.
Галушка –круглы камяк, скачаны з нечага
мяккага.
Лёк – селядцовы расол
Поліўка – дужа тлусты гарачы суп, падбоўтаны
мукой
Праснакі -прэсны хлеб
Клёцкі з душамі - вялізныя клёцкі з цёртай
бульбы, начыненыя мясам
Алей- сланечнікавае масла
Халаднік – халодны суп з мясам і гуркамі.
Гушча наліваная – пшанічная каша, залітая гарачым малаком
Беразавік -
сок бярозавы
Рабінаўка, кляноўка -
лячэбная настойка на дваццаці сямі травах.
Вядучы 1. На
прыканцы нашага выступлення мы хочам сказаць, што ганарымся сваёй цудоўнай
Радзімай, стараемся зберагчы яе традыцыі.
Вядучы 2. І пажадаць вам, каб на вашых сталах заўсёды
стаялі смачныя і самыя найлепшыя беларускія стравы, якія не заменіш нічым.
Народ
беларускі, гасцінны народ. І любіць
прыгожыя святы,
Дзе столькі
вясёлых, цудоўных прыгод, дзе стол накрываюць
багаты.
А стравы
такія, што нашы дзяды калісьці яшчэ
гатавалі,
Нашчадкі да
нашых часоў праз гады рэцэпты тых
страў захавалі.
Мы верым,
што звычаі нашы не ўмруць, майстэрства
народа не стухне
Няхай жа
традыцыі нашы жывуць і ў песнях,
і ў святах, і ў кухні.
Дзякуем за ўвагу!
Интересно. А слайды есть?
ОтветитьУдалитьК сожалению данная площадка не позволяет размещать объемные файлы. Презентацию можно посмотреть по следующей ссылке:
Удалитьhttp://multiurok.ru/paliasianka/files/prezientatsyia-da-adkrytagha-mierapryiemstva-bielaruskiia-prysmaki.html
канешне, ёсць, у хуткім часе будзе прэзентацыя да гэтага мерапрыемства)
ОтветитьУдалитьЭтот комментарий был удален автором.
ОтветитьУдалитьСпасибо. Воспользуюсь вашим сценарием.
ОтветитьУдалить